Белорусский портал в Казахстане

Беларусь гатова да нарошчвання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з дзяржавамі з розных куткоў зямнога шара



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 25 чэрвеня, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных краін, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць таго, што гэта сустрэча праходзіць напярэдадні нацыянальнага свята - Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. "У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя даты, якія становяцца пунктам адліку новага этапу гісторыі, - адзначыў Прэзідэнт. - Для нас такой вяхой стала вызваленне беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якія асуджалі наш народ на поўнае знішчэнне".

Адстаяўшы ў жорсткіх баях права на жыццё і страціўшы трэць свайго насельніцтва, краіна адрадзілася і стала мацнейшай. "Памяць аб гераічным подзвігу беларускага народа абавязвае нас не забываць урокі гісторыі, беражліва ставіцца да спадчыны папярэдніх пакаленняў, праводзіць міралюбівую палітыку і пастаянна клапаціцца пра бяспеку і ўстойлівае развіццё нашай маладой суверэннай дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў важнасць таго, што дыпламаты пачынаюць працаваць у вельмі важны і дынамічны перыяд часу, калі Беларусь выходзіць на новы ўзровень інтэграцыйных працэсаў.

На думку Прэзідэнта, стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза істотна пашырае дыяпазон гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю і павышае яе інвестыцыйную прывабнасць.

Паводле яго слоў, асаблівую ўвагу Беларусь удзяляе ўзаемадзеянню з краінамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Прымаючы даверчыя граматы пасла Туркменістана, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за апошнія пяць гадоў удалося вывесці двухбаковыя адносіны з гэтай дзяржавай на ўзровень стратэгічнага партнёрства.

Беларусь лічыць адным з важных вектараў знешняй палітыкі развіццё ўзаемавыгадных сувязей з дзяржавамі Еўрапейскага саюза, заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што Беларусь зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Бельгіяй, наданні двухбаковым сувязям сістэмнасці і паслядоўнасці.

Беларусь таксама бачыць магчымасці для нарошчвання ўзаемадзеяння ў розных сферах з Даніяй, перш за ўсё на эканамічным напрамку. "І перашкод для гэтага няма", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што настаў час аднавіць поўнафарматнае супрацоўніцтва са Швецыяй. 
"Беларусь заўсёды выступала за ўзважаны, станоўчы і прагматычны дыялог з усімі краінамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, Швецыя адыгрывае важную ролю ў рэгіянальных і субрэгіянальных працэсах на поўначы Еўропы. "Яе голас важка гучыць у Еўрасаюзе, - адзначыў беларускі лідар. - Ды і мы ніколі не скрывалі, што нам ёсць чаму павучыцца ў Швецыі".

Вітаючы пасла Швецыі, Прэзідэнт сказаў: "З вяртаннем!" Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў важнасць супрацоўніцтва з гэтай краінай, з якой у Беларусі не можа быць ніякіх праблем. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусі цікавы вопыт гэтай краіны, і ён ужо выкарыстаны ў многіх сферах, у прыватнасці ў сацыяльнай, эканоміцы. Як пагадзіўся з Аляксандрам Лукашэнкам пасол Швецыі, наперадзе ў дзвюх дзяржаў вялікія перспектывы.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь і Ірландыя маюць вялікі патэнцыял для пашырэння двухбаковых сувязей. "Актыўныя кантакты ў гуманітарнай сферы і на міжасобасным узроўні, якія ўзніклі дзякуючы шчырай дапамозе Ірландыі ў пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, арганізацыі аздараўлення беларускіх дзяцей з пацярпелых рэгіёнаў, ствараюць спрыяльны пазітыўны фон для ўзаемадзеяння ў іншых галінах", - лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што супрацоўніцтва з краінамі Лацінскай Амерыкі набыло асаблівае значэнне ў беларускай знешняй палітыцы. "Лацінская Амерыка дынамічна развіваецца, паслядоўна ўмацоўвае свае пазіцыі як адзін з цэнтраў росту сусветнай эканомікі", - адзначыў Прэзідэнт.

Прымаючы даверчыя граматы пасла Аргенціны ў Беларусі па сумяшчальніцтве, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на даўнія сувязі і вопыт паспяховага ўзаемадзеяння з гэтай краінай у міжнародных арганізацыях. У апошнія гады актывізаваліся і міждзяржаўныя кантакты.

На думку Прэзідэнта, Бразілія можа стаць для Беларусі галоўным гандлёва-эканамічным партнёрам на паўднёваамерыканскім кантыненце. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Бразіліі магутная прамысловасць і развітая сельская гаспадарка. "Мы чакаем, што з падтрымкай новага пасла Бразіліі ўдасца значна актывізаваць эканамічныя, палітычныя і культурныя сувязі паміж нашымі краінамі", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што супрацоўніцтва Беларусі і Уругвая патрабуе больш пільнай увагі з боку кіраўніцтва абедзвюх краін. Прэзідэнт заўважыў, што ўзаемны гандлёвы абарот Беларусі і Уругвая невялікі і не вызначаецца стабільнасцю. "Аднак рынак вашай краіны цікавы беларускім вытворцам калійных угнаенняў і сельскагаспадарчай тэхнікі. У сваю чаргу Уругвай мог бы замацавацца са сваімі таварамі на беларускім рынку", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Развіццё палітычных і ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных сувязей з краінамі Блізкага Усходу і афрыканскага кантынента становіцца адным з прыярытэтаў знешняй палітыкі Беларусі, адзначыў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да пасла Кувейта ў Беларусі па сумяшчальніцтве, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь высока цэніць пасрэдніцкія і міратворчыя намаганні Кувейта па вырашэнні актуальных рэгіянальных праблем. Прэзідэнт адзначыў зацікаўленасць Беларусі ў пашырэнні палітычнага, гандлёва-эканамічнага і крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва з гэтай краінай. Ён таксама запрасіў кувейцкія інвестыцыйныя фонды да рэалізацыі праектаў на тэрыторыі Беларусі.

Прымаючы даверчыя граматы пасла Іарданіі ў Беларусі па сумяшчальніцтве, Прэзідэнт звярнуў увагу на істотны незадзейнічаны патэнцыял для нарошчвання ўзаемавыгадных адносін з гэтай краінай. На думку беларускага лідара, бакам неабходна як мага хутчэй аднавіць работу сумеснай беларуска-іарданскай камісіі па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве.

Беларусь разглядае Бенін як перспектыўнага партнёра. Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь гатова экспартаваць сваю прадукцыю, у тым ліку калійныя ўгнаенні, аўтатрактарную і іншую тэхніку для патрэб сельскай гаспадаркі і іншых галін Беніна. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што акрэдытацыя пасла паслужыць добрым імпульсам у наладжванні двухбаковых сувязей.

Звяртаючыся да дыпламатаў, Прэзідэнт выказаў меркаванне, што іх дзелавая актыўнасць, ініцыятывы і творчы падыход да вырашэння самых складаных пытанняў прынясуць адчувальную практычную аддачу, дадуць магчымасць дасягнуць новых рубяжоў у двухбаковых адносінах на карысць народаў.

"Вы павінны ведаць, што мы зробім усё, што неабходна для вашай дзейнасці ў Беларусі, - сказаў беларускі лідар. - Разлічвайце на нашу, і маю ў тым ліку, падтрымку".

"Калі нейкая дзяржава хоча з намі супрацоўнічаць, у нас вельмі ясныя прыярытэты і крытэрыі. Прыходзьце, будзем супрацоўнічаць цесна і адказна. Формула зразумела: калі мы з вамі дамовімся, мы выканаем свае абавязацельствы. Ёсць цікавыя праекты - прыходзьце, дамовімся", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Закранаючы тэму бяспекі і міру ў рэгіёне, кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Нашу ролю не трэба перабольшваць. Мы проста людзі, якія хочуць жыць у міры са сваімі суседзямі. Тым больш калі вайна ідзе каля нашага парога, і не проста ў нашых суседзяў, а ў нашых братоў, мы не можам быць убаку ад гэтага - вось наша простая формула і сутнасць нашай палітыкі. Мы тут не спрабуем адыграць нейкую геапалітычную ролю, мы не можам, ды і не павінны яе адыгрываць, мы не прэтэндуем на гэта. Мы хочам, каб старыя, дзеці і жанчыны, якія сёння не могуць выехаць з зоны канфлікту, не гінулі. Вось наша палітыка".

25 чэрвеня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/34/31691
Текущая дата: 25.12.2024