Пра гэта паведамляе прэс-служба ПА АБСЕ.
Крызіс ва Ўкраіне, сітуацыя з мігрантамі і бежанцамі, кантроль над узбраеннямі, глабальныя змены клімату і праблемы правоў меншасцяў стануць галоўнымі тэмамі штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая пройдзе 5—9 ліпеня ў Хельсінкі.
Сесія збярэ больш за 300 парламентарыяў. "Кульмінацыяй сесіі будзе прыняцце Хельсінкскай дэкларацыі — 2015, якая будзе ўтрымліваць рэкамендацыі асамблеі ў сферах палітыкі, эканомікі, навакольнага асяроддзя і правоў чалавека", — гаворыцца ў паведамленні.
Перад уключэннем у тэкст выніковай дэкларацыі рэзалюцыі кожнага з агульных камітэтаў ПА АБСЕ будуць абмяркоўвацца, змяняцца і зацвярджацца большасцю галасоў. Заключны дакумент затым будзе дасланы ў міністэрствы замежных спраў краін — удзельніц АБСЕ і пададзены нацыянальным парламентам.
Варта адзначыць, што ў праекце рэзалюцыі камітэта па палітычных пытаннях і бяспецы асуджаецца працяг парушэння перамір`я ва Украіне і ўтрымліваецца заклік да Расіі "выкарыстаць увесь свой уплыў на незаконныя сепаратысцкія рухі ва Ўкраіне, каб забяспечыць выкананне ўсіх абавязацельстваў мінскіх пагадненняў". Акрамя таго, ўтрымліваецца заклік да Расіі "адмяніць анексію Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаль ва Украіне", адзначаецца неабходнасць выканання прынцыпаў непарушнасці межаў і тэрытарыяльнай цэласнасці, мірнага ўрэгулявання спрэчак, роўнасці правоў і самавызначэння народаў.
Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Гумінскі, які будзе удзельнічаць у сесіі ад Беларусі, 26 чэрвеня заявіў, што беларуская дэлегацыя не падтрымае пункт аб анексіі Крыма. "Мы будзем кіравацца ў фарватары нашай агульнай пазіцыі па гэтым пытанні, — сказаў Гумінскі. — Мы за гэтае пытанне не галасавалі ні ў ААН, ні на саміце Ўсходняга партнёрства. Мы заявілі, што не можам за гэты пункт галасаваць, таму наша пазіцыя (на сесіі ПА АБСЕ) будзе адпаведнай".
У праекце рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да ўсіх бакоў кіравацца мінскімі дамоўленасцямі. Наконт гэтага Гумінскі заявіў: "Мы не проста будзем падтрымліваць мінскія пагадненні, мы абвесцім нашу пазіцыю, каб гэтая 24-я сесія не аддаляла нас адзін ад аднаго, найперш Расію і Ўкраіну, а перш за ўсё, каб зрабіць крокі па збліжэнні, каб працаваць у кірунку выканання мінскіх дамоўленасцяў, каб парламентарыі сталі таксама асновай, як і палітыкі, для выканання абавязацельстваў па мінскіх пагадненнях".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 29 чэрвеня 2015
Мінск, 29 чэрвеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/34/31771
Текущая дата: 25.12.2024