Белорусский портал в Казахстане

МЗС Беларусі пацьвердзіў сустрэчу групы па Данбасе ў Менску 6 траўня



Перамовы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Луганскай і Данецкай абласьцях адбудуцца за зачыненымі дзьвярыма.

Міністэрства замежных спраў Беларусі пацьвердзіла правядзеньне сустрэчы кантактнай групы па Ўкраіне ў сераду ў Менску.

«Беларускі бок рыхтуе правядзеньне 6 траўня сустрэчы кантактнай групы па Ўкраіне», — паведаміў агенцтву «Інтэрфакс» прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык.

Паводле яго слоў, сустрэча кантактнай групы адбудзецца ў «Прэзыдэнт-гатэлі» ў Менску ў другой палове дня.

«Сустрэча пройдзе ў закрытым рэжыме. На дадзены момант мерапрыемстваў для СМІ не заплянавана», — сказаў Дзьмітры Мірончык.

У сустрэчы прымуць удзел прадстаўніца АБСЭ Гайдзі Тальявіні, прадстаўнік прэзыдэнта Ўкраіны Леанід Кучма і спэцпрадстаўнік Расеі Азамат Кульмухаметаў, а таксама прадстаўнікі ДНР і ЛНР.

Папярэдняя вочная сустрэча Трохбаковай кантактнай групы адбывалася ў Менску 11–12 лютага падчас сустрэчы прэзыдэнтаў у «нармандзкім фармаце». Да траўня група рэгулярна працавала ў фармаце відэаканфэрэнцыяў. Апошняя зь іх адбылася 29 красавіка.

29 красавіка былі абмеркаваныя ключавыя пункты Менскіх дамоўленасьцяў — спыненьне агню, адвод цяжкіх відаў узбраеньня, вызваленьне закладнікаў. Абмяркоўвалася пастаўка ўкраінскай і міжнароднай гуманітарнай дапамогі ў Данецк і Луганск, а таксама дээскаляцыя сытуацыі ў Шырокінам пад Марыюпалем і прапановы ўкраінскага боку пра адвод танкаў, гармат, мінамётаў калібрам менш за 100 мм.

Радыё Свабода
6 траўня 2015, Менск 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/35/30881
Текущая дата: 17.11.2024