Пётр Парашэнка, Уладзімір Пуцін, Ангела Меркель і Франсуа Аланд дамовіліся правесці сустрэчу ў нармандскім фармаце ў Мінску ў найбліжэйшую сераду, 11 лютага, паведамляе прэс-служба прэзідэнта Украіны.
Кіраўнікі Украіны, Расіі, ФРГ і Францыі 8 лютага абмеркавалі падчас тэлефоннай канферэнцыі ў нармандскім фармаце шляхі дасягнення мірнага ўрэгулявання сітуацыі ў Данбасе. "Суразмоўцы дасягнулі прагрэсу ў абмеркаванні комплексу мер па імплементацыі мінскіх дамоўленасцяў", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Парашэнкі.
Суразмоўцы дамовіліся правесці экспертныя кансультацыі ў Берліне прадстаўнікоў МЗС у панядзелак, 9 лютага, і сустрэчу трохбаковай кантактнай групы па Украіне ў аўторак, 10 лютага, з удзелам падпісантаў мінскіх дамоўленасцяў.
"Пётр Парашэнка, Франсуа Аланд, Ангела Меркель і Уладзімір Пуцін дамовіліся правесці сустрэчу ў нармандскім фармаце ў сераду, 11 лютага, у Мінску, — паведамляе прэс-служба. — Яны таксама чакаюць, што іх намаганні падчас сустрэчы ў Мінску прывядуць да неадкладнага і безумоўнага двухбаковага спынення агню".
Пра сустрэчу, якая рыхтуецца ў Мінску, паведаміў 8 лютага і афіцыйны прадстаўнік урада ФРГ Штэфан Зайберт. Паводле яго слоў, 8 лютага лідары чатырох краін падчас тэлефоннай канферэнцыі "працягнулі працаваць над пакетам мер у кантэксце іх намаганняў па ўсёабдымным урэгуляванні канфлікту ва ўсходняй Украіне", перадае Рэйтэр.
Паводле слоў Зайберта, "гэтая праца будзе працягвацца заўтра ў Берліне з мэтай правядзення саміту ў нармандскім фармаце ў сераду ў Мінску".
Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 8 лютага 2015
Мінск, 8 лютага 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/38/29539
Текущая дата: 26.12.2024