Белорусский портал в Казахстане

ЗША адкрытыя для паляпшэння адносінаў з Беларуссю, але не адмаўляюцца ад сваіх прэтэнзій і патрабаванняў да ўрада гэтай краіны, перш за ўсё ў праваабарончай галіне



Аб гэтым заявіла памочнік дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд, выступаючы 17 снежня ў Амерыканскім прадпрымальніцкім інстытуце ў Вашынгтоне.

Паводле яе слоў, мяч цяпер на баку беларускіх уладаў.

"Мы ўжо шмат гадоў падтрымліваем дыялог з урадам Беларусі наконт нашай занепакоенасці сітуацыяй з правамі чалавека, палітычнымі ўмовамі для праяўлення іншадумства, — сказала Нуланд. — На працягу апошняга года мы назіраем, што беларускае кіраўніцтва вельмі няўтульна сябе адчувае перад тварам бінарнага выбару. Я сустракалася ў верасні на сесіі Генеральнай асамблеі ААН з прэм`ер-міністрам Беларусі і гаварыла яму, што яны шмат зрабілі для сваёй краіны, ператварыўшы назву Мінска ў сімвал мірнай дамоўленасці".

Нуланд падкрэсліла, што ЗША па-ранейшаму адкрытыя "для больш цёплых і інтэграваных узаемаадносінаў з Беларуссю пры паляпшэнні праваабарончай сітуацыі". "Мы выказалі ўраду Беларусі шэраг канкрэтных меркаванняў. Нам удалося зрабіць некалькі маленькіх сумесных крокаў: мы цяпер зноў выдаем там візы на ўзаемнай аснове", — сказала яна.

Нуланд таксама дадала: "Але, зноў жа, усё гэта знаходзіцца ў руках іх кіраўніцтва. Ці хоча яно павесці сваю краіну ў напрамку большай адкрытасці і дэмакратычнасці. Мы б, вядома, былі гатовы на гэта адгукнуцца".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 18 снежня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/39/28728
Текущая дата: 26.12.2024