Белорусский портал в Казахстане

Трагічныя падзеі ва Украіне сталі каталізатарам беспрэцэдэнтнага за апошнія дзесяцігоддзі росту напружанасці ў Еўропе



Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, выступаючы на пленарным пасяджэнні 21-й сустрэчы Савета міністраў замежных спраў (СМЗС) дзяржаў — удзельніц АБСЕ, якая праходзіць 4—5 снежня ў Базелі (Швейцарыя).

"Трагічныя падзеі ва Украіне сталі каталізатарам беспрэцэдэнтнага за апошнія дзесяцігоддзі росту напружанасці ў Еўропе, абвастрэння назапашаных супярэчнасцяў, — цытуе кіраўніка беларускай дыпламатыі прэс-служба МЗС Беларусі. — На іх фоне яшчэ больш відавочнымі сталі сістэмныя праблемы ў сферы бяспекі ў рэгіёне АБСЕ. Многія загаварылі аб вяртанні да часоў "халоднай вайны". 

"Сёння мы падышлі да небяспечнай рысы, за якой нас можа чакаць зусім не той свет, пра які марылі тыя, хто стаяў ля вытокаў Хельсінкскага працэсу", — мяркуе Макей. 

На яго думку, "неабходна сумесна прыняць тэрміновыя і рашучыя меры, каб прадухіліць раскручванне спіралі ўзаемных абвінавачанняў, пагроз і санкцый". "Трэба адкінуць логіку канфрантацыі, вярнуцца ў рэчышча ўзаемапаважлівага, канструктыўнага дыялогу", — заявіў міністр. 

"Менавіта ў гэтым мы бачым прызначэнне АБСЕ, якая стваралася ў першую чаргу як інструмент для пераадолення рознагалоссяў, збліжэння пазіцый, умацавання агульнай бяспекі", — дадаў ён. 

"Недапушчэнне з`яўлення новых ліній падзелу ў рэгіёне, захаванне адзінства дзяржаў-удзельніц у дачыненні да каштоўнасцяў і прынцыпаў, на якіх заснаваная наша арганізацыя, прадухіленне і ўрэгуляванне канфліктаў павінны заставацца галоўнымі задачамі АБСЕ на перспектыву", — упэўнены Макей. 

Кіраўнік МЗС Беларусі таксама ўзяў удзел у нефармальнай дыскусіі міністраў па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне і ролі АБСЕ ў гэтым працэсе. 

У межах СМЗС АБСЕ Макей правёў рабочыя сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый шэрагу дзяржаў-удзельніц і кіраўніцтвам еўрапейскіх арганізацый. 

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі абмеркаваў з генеральным сакратаром АБСЕ Ламберта Дзаньерам і дырэктарам БДІПЧ АБСЕ Міхаэлем Георгам Лінкам пытанні ўзаемадзеяння Беларусі з сакратарыятам і інстытутамі АБСЕ, уключаючы праектнае супрацоўніцтва. 

Магчымасці развіцця практычнага ўзаемадзеяння Беларусі з Саветам Еўропы разгледжаныя на сустрэчы з генеральным сакратаром Савета Еўропы Турб`ёрнам Ягландам. 

Макей таксама правёў перамовы з міністрамі замежных спраў Венгрыі, Германіі, Даніі, Славакіі, Фінляндыі, Швецыі і дзяржаўным сакратаром МЗС Францыі, падчас якіх абмеркаваныя актуальны стан і перспектывы развіцця двухбаковых адносінаў у розных сферах, праблематыка беларуска-еўрапейскага дыялогу і ўзаемадзеяння ў межах міжнародных арганізацый. 

Адбыліся рабочыя кантакты Макея з міністрам замежных спраў Латвіі, Літвы, Польшчы і Турцыі. 

У межах СМЗС прайшла сустрэча кіраўнікоў дэлегацый дзяржаў — членаў АДКБ, паводле вынікаў якой прынятыя ініцыяваная Беларуссю сумесная заява па пытаннях гарманізацыі інтэграцыйных працэсаў і свабоды перамяшчэння ў рэгіёне АБСЕ, а таксама дэкларацыя, прысвечаная 70-годдзю заканчэння Другой сусветнай вайны.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 4 снежня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/40/28484
Текущая дата: 26.12.2024