КНДР і Паўднёвая Карэя дамовіліся аднавіць афіцыйныя кантакты на высокім узроўні, прыпыненыя каля сямі месяцаў таму пасьля новых перастрэлак у раёне мяжы.
Дамоўленасьць была дасягнутая падчас нечаканага прыезду ў Паўднёвую Карэю на цырымонію закрыцьця XVII Азіяцкіх гульняў дэлегацыі КНДР. (Азіяцкія гульні — спартыўнае спаборніцтва, якое праводзіцца кожныя чатыры гады).
У склад гэтай дэлегацыі ўваходзілі два высокапастаўленыя паўночнакарэйскія чыноўнікі, якія лічацца найбліжэйшымі памочнікамі лідэра Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына.
Паўднёвакарэйскае міністэрства па пытаньнях аб’яднаньня заявіла, што прадстаўнікі КНДР выказалі гатоўнасьць прадоўжыць дыялёг у канцы кастрычніка — пачатку лістапада.
Сэул і Пхеньян да гэтага часу не падпісалі мірную дамову пасьля вайны на Карэйскім паўвостраве ў першай палове 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя.
У сакавіку 2010 году ў Жоўтым моры затануў карвэт «Чханан», тарпэдаваны, паводле заявы Поўдня, паўночнакарэйскім снарадам. Тады загінулі 46 паўднёвакарэйскіх маракоў. Пхеньян катэгарычна адмаўляе сваю датычнасьць да інцыдэнту.
У лістападзе таго ж году адносіны пагоршыліся пасьля таго, як у раёне выспаў Ёнпхёнда ў Жоўтым моры, дзе праходзіць спрэчная лінія падзелу паміж Поўначчу і Поўднем, адбылася перастрэлка.
КНДР у апошнія гады рэгулярна праводзіла ядзерныя і ракетныя выпрабаваньні, пасьля таго як шэсьць гадоў таму перапыніліся шасьцібаковыя перамовы па паўночнакарэйскай ядзернай праграме.
Навіна пра аднаўленьне перамоў прагучала на фоне спэкуляцый адносна здароўя Кім Чэн Ына, паколькі вось ужо месяц ён не паказваўся на публіцы, а на адным з апошніх афіцыйных відэа было відаць, што ён кульгае.
4 кастрычніка 2014, Менск
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/41/27686
Текущая дата: 26.12.2024