Белорусский портал в Казахстане

Чарговае пасяджэнне трохбаковай (Украіна — Расія — АБСЕ) кантактнай групы па Украіне адбылося 11 жніўня



Аб гэтым заявіў адзін з удзельнікаў перамоўнага працэсу, экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, каментуючы рашэнне аб пропуску калоны з расійскім гуманітарным грузам у Луганск, паведамляе Интерфакс-Украина.

"На пасяджэнні кантактнай групы ў панядзелак было вырашана, што гуманітарная дапамога пройдзе праз Харкаўскую вобласць, маршрут да Луганска таксама вызначаны", — сказаў Кучма 12 жніўня. Месца і фармат правядзення перамоў кантактнай групы ён не ўдакладніў.

У пасольстве Расіі ў Кіеве таксама не змаглі назваць месца правядзення сустрэчы. Прэс-сакратар дыппрадстаўніцтва Алег Грышын выказаў меркаванне, што перамовы маглі адбыцца пры дапамозе відэасувязі.

Нагадаем, папярэдняя сустрэча кантактнай групы прайшла ў дзяржаўнай рэзідэнцыі Заслаўе пад Мінскам 31 ліпеня.

Сустрэчы папярэднічала тэлефонная гутарка прэзідэнтаў Беларусі і Украіны, падчас якой, паводле звестак прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, Пётр Парашэнка папрасіў суразмоўцу "прыцягнуць Рэспубліку Беларусь у якасці пляцоўкі для правядзення перамоў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў па вырашэнні ўкраінскага крызісу".

Перамовы ў Заслаўі прайшлі з удзелам Леаніда Кучмы, пасла Расіі ва Украіне Міхаіла Зурабава, афіцыйнага прадстаўніка дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні і прадстаўнікоў кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (паводле неафіцыйнай інфармацыі — віцэ-прэм`ера Андрэя Пургіна).

Паводле звестак прэс-службы АБСЕ, удзельнікі сустрэчы абмеркавалі сітуацыю з заложнікамі і іншымі незаконна затрыманымі падчас канфлікту людзьмі. У якасці першачарговага кроку было "прынята абавязацельства аб неадкладным вызваленні значнай колькасці затрыманых". Пазней Кучма ўдакладніў, што гаворка ідзе пра 20 асоб з кожнага боку. На перамовах таксама абмяркоўвалася сітуацыя вакол месца крушэння самалёта "Малайзійскіх авіяліній". Была падкрэслена неабходнасць далейшага забеспячэння бяспечнага доступу да месца здарэння міжнародных следчых.

Чарговая сустрэча кантактнай групы планавалася на мінулым тыдні, аднак ніякіх паведамленняў аб яе правядзенні не было. 8 жніўня ў прэс-службе швейцарскага старшынства ў АБСЕ заявілі, што графік перамоўнага працэсу кантактнай групы выдавацца не будзе.

Арцём Шрайбман, БелаПАН
Мінск, 12 жніўня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/42/27142
Текущая дата: 27.12.2024