Белорусский портал в Казахстане

Расія зробіць усё магчымае, каб канфлікт на ўсходзе Украіны быў вырашаны шляхам мірных перамоў



Аб гэтым заявіў расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін.

"Са свайго боку Расія зробіць усё, што ад нас залежыць, каб канфлікт на ўсходзе Украіны перайшоў з сённяшняй ваеннай фазы ў фазу абмеркавання за сталом перамоў мірнымі і выключна дыпламатычнымі сродкамі", — гаворыцца ў заяве Пуціна, размешчанай на афіцыйным сайце kremlin.ru.

"У сувязі з жудаснымі трагічнымі падзеямі, якія здарыліся ў небе над Данецкам, хацеў бы яшчэ раз сказаць аб тым, як мы ў Расіі ставімся да падзей, што адбываюцца сёння на Украіне. Мы неаднаразова заклікалі ўсе бакі, якія змагаюцца адзін з адным, неадкладна спыніць кровапраліцце і сесці за стол перамоў. З упэўненасцю можна сказаць, што калі б 28 чэрвеня баявыя дзеянні на ўсходзе Украіны не былі адноўленыя, то і гэтай трагедыі напэўна б не адбылося", — лічыць Пуцін.

Паводле яго меркавання, "ніхто не павінен і не мае права выкарыстоўваць гэтую трагедыю для дасягнення вузкакарыслівых палітычных мэт. Такія падзеі павінны не раз`ядноўваць, а аб`ядноўваць людзей. Трэба, каб усе людзі, якія адказваюць за сітуацыю ў рэгіёне, павысілі сваю адказнасць і перад уласным народам, і перад народамі тых краін, прадстаўнікі якіх сталі ахвярамі гэтай катастрофы".

Расійскі прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна зрабіць усё, каб арганізаваць бяспеку працы міжнародных экспертаў на месцы трагедыі. Сёння там ужо працуюць прадстаўнікі Данбаса, Данецка, МНС Украіны, эксперты Малайзіі. "Але гэтага недастаткова. Неабходна, каб на месцы катастрофы працавала паўнавартасная група экспертаў пад эгідай ІКАО, адпаведная міжнародная камісія. Трэба зрабіць усё для арганізацыі яе поўнай, абсалютнай бяспекі, забяспечыць неабходныя для яе працы гуманітарныя калідоры", — лічыць прэзідэнт Расіі.

Варта адзначыць, што заява Пуціна з`явілася пасля таго, як дзяржсакратар ЗША Джон Кэры абвінаваціў Расію ў перадачы апалчэнцам на ўсходзе Украіны сістэмы СПА, з якой мог быць збіты малайзійскі авіялайнер. У серыі нядзельных інтэрв`ю амерыканскім тэлеканалам Кэры ў дэталях расказаў пра падазрэнні ЗША на адрас Расіі і абвясціў, што РФ не распачынае неабходных намаганняў для дээскалацыі канфлікту ў суседняй рэспубліцы, хоць мае для гэтага ўсе магчымасці.

Выступаючы на CNN, кіраўнік амерыканскай дыпламатыі сцвярджаў, што, паводле наяўных у ЗША даных, пасажырскі самалёт у небе над Украінай збілі данецкія апалчэнцы. "Усё паказвае на тое, што гэта былі сепаратысты", — сказаў Кэры. А што да ракетнай устаноўкі, з якой быў адкрыты агонь па авіялайнеры, то "наогул ясна, што гэта былі сістэмы, дастаўленыя з Расіі", падкрэсліў дзяржсакратар.

"Мы дакладна ведаем, што ў апошні месяц на Украіну з Расіі паступіла буйная партыя ўзбраенняў, — заявіў Кэры. — Некалькі тыдняў таму быў адпраўлены канвой са 150 адзінкамі ваеннай тэхнікі".

Кэры паведаміў, што ў ЗША ёсць радыёперахоп перамоў сепаратыстаў пра трансфер з Расіі зенітна-ракетнага комплексу "Бук" (SA-11). Кэры таксама паведаміў, што ў ЗША "бачылі відэа", на якім бачна, як у бок мяжы з Расіяй ад`язджае комплекс мінімум з адной адсутнай ракетай.

Пакуль, паводле слоў дзяржсакратара, Расія не робіць тых захадаў, якіх ад яе дамагаюцца краіны Захаду. Кіраўнік амерыканскай дыпламатыі лічыць, што "для Расіі надышоў крытычны момант, калі яна павінна адкрыта далучыцца да намаганняў па правядзенні шырокамаштабнага расследавання" прычын катастрофы малайзійскага самалёта.

На думку Кэры, Расія павінна паўплываць на апалчэнцаў у Данецкай вобласці, каб пераканаць іх у неабходнасці даць назіральнікам АБСЕ і міжнародным экспертам поўны доступ да месца крушэння малайзійскага авіялайнера.

Самалёт авіякампаніі Malaysia Airlines разбіўся 17 ліпеня вечарам у Данецкай вобласці Украіны побач з расійскай мяжой. Ён ляцеў па маршруце Амстэрдам — Куала-Лумпур. Усе 283 пасажыры і 15 членаў экіпажа, якія знаходзіліся на борце, загінулі.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 21 ліпеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/43/26729
Текущая дата: 17.11.2024