Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Польшча маюць намер больш цесна супрацоўнічаць у барацьбе са злачыннасцю



Пра гэта паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі.

Больш цеснае ўзаемадзеянне па пытаннях барацьбы з наркатрафікам і гандлем людзьмі, вышуку злачынцаў і асоб, якія зніклі без вестак, абмену аператыўнай і іншай інфармацыяй прадугледжвае падпісаны на мінулым тыдні ў Белай Вежы (Польшча) выніковы дакумент чарговага пасяджэння беларуска-польскай падкамісіі па справах прыгранічнага супрацоўніцтва.

Падкамісія дзейнічае ў межах беларуска-польскай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па трансмежавым супрацоўніцтве.

Дэлегацыю Беларусі на сустрэчы ўзначальваў першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Васіль Сцепаненка. У яе склад уваходзілі прадстаўнікі МУС, МЗС, МНС, ДПК, ДМК, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, генеральны консул Беларусі ў Беластоку.

Міліцэйскае ведамства на форуме прадстаўляў намеснік начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянню гандлю людзьмі Сяргей Колтун, а таксама супрацоўнікі УУС Брэсцкага і Гродзенскага аблвыканкамаў.

У сваім выступленні перад удзельнікамі мерапрыемства Сяргей Колтун зазначыў, што Беларусь па-ранейшаму з`яўляецца краінай прызначэння і транзітнага перамяшчэння наркотыкаў з тэрыторыі Польшчы і іншых дзяржаў Заходняй Еўропы (галоўным чынам, амфетамінавага раду і канабіснай групы), а з Усходу ў зваротным напрамку — гераіну.

Польскія калегі былі таксамі праінфармаваныя аб істотных змяненнях, што адбыліся апошнім часам на наркарынку Беларусі. На змену традыцыйным раслінным наркотыкам прыйшлі курыцельныя сумесі (спайсы і міксы). Па выніках двух месяцаў гэтага года ўдзельная вага канфіскаваных з незаконнага абароту курыцельных сумесяў у агульным аб`ёме склала 60—70%. Толькі ў Мінску зафіксавана сем смерцяў у выніку ўжывання курыцельных сумесяў. Беларускія праваахоўнікі выказалі гатоўнасць падзяліцца з польскімі калегамі сваім вопытам барацьбы з новымі відамі наркотыкаў.

Не засталася без увагі і тэма супрацьдзеяння гандлю людзьмі, дзіцячай парнаграфіі і педафіліі. Польшча па-ранейшаму з`яўляецца краінай прызначэння і транзітнага перамяшчэння беларускіх грамадзян у асноўным з мэтай сексуальнай эксплуатацыі ў іншыя краіны Заходняй Еўропы, хоць апошнім часам інтэнсіўнасць гэтага працэсу прыкметна зменшылася. За апошнія пяць гадоў перакрыты 31 канал пастаўкі "жывога тавару" ў польскім напрамку.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 19 сакавіка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/44/25477
Текущая дата: 30.09.2024