Белорусский портал в Казахстане

Польшча патрабуе найхутчэйшага склікання пасяджэнняў Еўрасаюза і савета НАТА



Польскі прэм`ер-міністр Дональд Туск заявіў 1 сакавіка, што Польшча ў сувязі з падзеямі ва Украіне запатрабуе найхутчэйшага склікання Еўрапейскага саюза і Паўночнаатлантычнага савета НАТА.

"Я буду заклікаць да найхутчэйшага склікання Еўрапейскага савета. З прэзідэнтам мы прыйшлі да высновы, што неабходнае [пасяджэнне] Паўночнаатлантычнага савета", — цытуе Туска РІА Новости.

Паводле слоў прэм`ера, ён абмеркаваў сітуацыю ва Украіне з кіраўнікамі МЗС і Мінбароны, пасля чаго прадоўжыць нараду з прэзідэнтам краіны Браніславам Камароўскім. Таксама Туск мае намер пагутарыць з прэзідэнтам Францыі і іншымі еўрапейскімі лідарамі.

РІА Новости нагадвае, што раней намеснік міністра абароны РФ Анатоль Антонаў заявіў, што Расійскі Чарнаморскі флот не нанясе ніякай пагрозы сітуацыі ва Украіне і займаецца баявой падрыхтоўкай у рамках расійска-ўкраінскіх пагадненняў. Паводле яго слоў, Чарнаморскі флот базуецца на тэрыторыі Украіны ў строгай адпаведнасці з дзейнымі расійска-ўкраінскімі пагадненнямі, а месцы дыслакацыі, колькасць асабовага складу і колькасць узбраенняў расійскіх вайсковых падраздзяленняў строга адпавядаюць пагадненню паміж РФ і Украінай.

У адміністрацыі Крамля 1 сакавіка заявілі, што РФ не пакіне без увагі зварот старшыні Савета міністраў Крыма Сяргея Аксёнава да прэзідэнта Расіі аб аказанні садзеяння ў забеспячэнні міру і спакою на тэрыторыі аўтаномнай рэспублікі. Савет Дзярждумы прыняў зварот да прэзідэнта РФ з заклікам прыняць меры па стабілізацыі становішча ў Крыме, паведаміў спікер Дзярждумы Сяргей Нарышкін. Спікер верхняй палаты Валянціна Мацвіенка заявіла, што ўлады Крыма маюць права вызначыцца з памерамі сваёй аўтаноміі і паўнамоцтваў, Расія пры гэтым не можа заставацца абыякавай пры існуючай пагрозе жыццю расіян у Крыме.

Пасля гэтага прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін унёс у Савет Федэрацыі зварот аб выкарыстанні Узброеных сіл РФ на тэрыторыі Украіны (Аўтаномная Рэспубліка Крым) да нармалізацыі грамадска-палітычнага становішча ў гэтай краіне, верхняя палата аднагалосна дала на гэта згоду. Намеснік кіраўніка МЗС РФ Рыгор Карасін патлумачыў, што згода Савета Федэрацыі на выкарыстанне Узброеных сіл РФ ва Украіне не азначае, што гэтае права будзе хутка рэалізаванае. Прэс-сакратар кіраўніка РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што пытанне аб прымяненні Узброеных сіл Расіі за мяжой вырашае прэзідэнт, пакуль такога рашэння няма.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 2 сакавіка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/45/25258
Текущая дата: 30.09.2024