Белорусский портал в Казахстане

Беларусь зацікаўлена ў "стабільных палітычных, эканамічных, гуманітарных адносінах з суседнімі брацкімі краінамі"



Аб гэтым заявіў прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык на просьбу пракаментаваць сітуацыю ва Украіне і Крыме.

"Гатовы прыкласці ўсе магчымыя з нашага боку намаганні для таго, каб вярнуць адносіны паміж Украінай і Расіяй у нармальнае рэчышча, — сказаў Мірончык. — Мы заўсёды гаварылі аб тым, што трэба знаходзіць варыянты для ўрэгулявання пытанняў дыпламатычнымі сродкамі праз дыялог і не дапускаць сілавога супрацьстаяння ні з аднаго боку".

На пытанне, ці застаецца ранейшай пазіцыя Беларусі аб прыхільнасці тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, якую абвясціў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, прэс-сакратар МЗС адказаў: "Вы па-ранейшаму можаце выкарыстоўваць у поўным аб`ёме заявы, зробленыя кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў па ўкраінскай сітуацыі апошнім часам. МЗС не дэзавуюе ўсе зробленыя раней выказванні".

Нагадаем, 3 сакавіка ў інтэрв`ю агенцтву BNS Макей, у прыватнасці, заявіў: "Мы зацікаўлены ў тым, каб Украіна засталася стабільнай, тэрытарыяльна цэласнай, незалежнай дзяржавай, каб там не было таго, што адбываецца сёння. Я назваў гэта трагедыяй".

16 сакавіка ў Крыме адбыўся рэферэндум, падчас якога, паводле афіцыйных даных, 95,7% выбаршчыкаў, што галасавалі, выказаліся за ўваходжанне Крымскай аўтаноміі ў склад Расійскай Федэрацыі. Еўрасаюз, ЗША і шэраг іншых краін выступілі з заявамі аб непрызнанні рэферэндуму ў Крыме. Расія лічыць яго адпаведным міжнароднаму праву.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 17 сакавіка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/46/25445
Текущая дата: 27.12.2024