Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Украіна паставілі кропку ў пытанні дагаворна-прававога афармлення дзяржграніцы



Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч па выніках перагавораў з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам.

Віктар Януковіч адзначыў, што з падпісаннем пратакола аб абмене ратыфікацыйнымі граматамі дагавора паміж Беларуссю і Украінай аб дзяржграніцы ад 12 мая 1997 года краіны далі старт дэмаркацыі сумеснай граніцы. Паводле яго слоў, хутчэйшае завяршэнне гэтага працэсу пасадзейнічае развіццю міжрэгіянальнага прыгранічнага ўзаемадзеяння.

Як адзначыў Віктар Януковіч, перагаворы з кіраўніком беларускай дзяржавы былі надзвычай насычанымі, бакі абмеркавалі шырокае кола пытанняў беларуска-ўкраінскага ўзаемадзеяння. У цэнтры ўвагі знаходзіўся шырокі спектр пытанняў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Бакі лічаць, што неабходна больш поўна выкарыстоўваць патэнцыялы краін для нарошчвання гандлю.

Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што краіны маюць значныя перспектывы пашырэння ўзаемадзеяння ў электраэнергетычнай сферы, у прыватнасці шляхам забеспячэння паставак украінскай электраэнергіі ў краіны Балтыі з выкарыстаннем транзітных магчымасцей Беларусі.

Акрамя таго, краіны ўзаемна зацікаўлены ў павелічэнні ўзаемных паставак прадукцыі аграпрамысловага комплексу. Урадам дзвюх краін даручана дэталёва прапрацаваць усе новыя перспектыўныя сумесныя праекты і ініцыятывы.

Прэзідэнты таксама звярнулі ўвагу на важнасць развіцця рэгіянальнага і прыгранічнага супрацоўніцтва.

18 чэрвеня 2013, Кіеў
Таццяна Паляжай - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/50/21676
Текущая дата: 18.11.2024