Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць прычыну рознагалоссяў з Еўрасаюзам у незалежнай палітыцы Беларусі



Аб гэтым ён заявіў у інтэрв`ю тэлеканалу Russia Today.

"Я магу сказаць вам, па якіх прычынах асноўных я ім непрымальны. Не таму, што аўтарытарны. Гэта, можа, сапраўды так. І не таму, што мяне называюць дыктатарам - цяпер ужо не гавораць ні пра аўтарытарызм, ні пра дыктатуру. Гэта некалі гаварылі. З Амерыкі прыслалі ім гэтыя тэзісы, як мяне абазваць, - сказаў Прэзідэнт. - З`явілася такая новая незалежная дзяржава Беларусь. А месцы пад сонцам усе разабралі. А тут Лукашэнка вельмі рэзка, гэтак жа як Грузія і іншыя, пачаў патрабаваць сабе месца пад сонцам. І занялі, некага, можа, пацясніўшы. Вядома, некаму гэта не спадабалася".

"Далей - болей. Лукашэнка вельмі моцна прытрымліваецца курсу незалежнасці. І ўсе хочуць сёння парваць Беларусь на кавалкі ў плане эканомікі. Усе гатовы ўзяць за бясцэнак. Лукашэнка сказаў: "Не, гэтага не будзе! Мы нікому нічога за бясцэнак аддаваць не будзем", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Беларусь, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, не праводзіць курс на выбудоўванне дзяржавы, заснаванай на рыначнай уласнасці, "дзе дзяржаўнае трэба ўсё парэзаць на кавалкі, раздаць, падзяліць". "У нас няма гэтай абвальнай прыватызацыі. Камусьці не падабаецца. У нас сацыяльна арыентаваная дзяржава з вельмі магутнай сацыяльнай палітыкай. Тая палітыка, якую я праводжу ў эканоміцы, сацыяльная, значна адрозніваецца ад таго, што хацелі б бачыць на Захадзе", - заўважыў Прэзідэнт.

"У нас сапраўды жорсткая сістэма ўлады, дзе асабліва не разгуляешся і ў парламенце мардабоем займацца не будзеш, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Разумееце, калі ўлада раз`яднана: паўнамоцтвы парламента, паўнамоцтвы ўрада, у прэзідэнта ніякіх паўнамоцтваў, - тады лягчэй зводзіць, разводзіць, біцца. А ў выніку народ будзе пакутаваць. Тады можна лягчэй прысвоіць, прыватызаваць нейкае прадпрыемства за бясцэнак. Ім трэба вось гэта".

Што датычыцца свабоды слова і плюралізму, Прэзідэнт упэўнены, што ў Беларусі гэтага хапае, асабліва ва ўмовах развіцця СМІ і інфармацыйных тэхналогій: "Мы акружаны практычна - у сучасным свеце асабліва - усімі сродкамі масавай інфармацыі. А Інтэрнэт? У нас, паводле падлікаў, 51 працэнт актыўнага насельніцтва сядзяць у Інтэрнэце".

"Сёння закрыць рот не мае сэнсу, гэта будзе на шкоду. Я зусім іншы чалавек. Я ніколі нікому не закрываў рот. Я адрыты для дыскусій, давайце дыскутаваць, але толькі не з падваротні і не брудам паліваць адзін аднаго, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Плюралізму ў Беларусі хапае. Я самы заўзяты праціўнік гэтых забарон, выбудоўвання агароджаў і іншае. Калі ты моцны чалавек, то ты ў сваёй барацьбе выйграеш. Калі ты слабы, лепш не змагайся, таму што ты будзеш сам сябе і дзяржаву заганяць у тупік з кожным разам".

"Я ў сабе адчуваю сілы для таго, каб змагацца і процістаяць нападкам на сябе асабіста, на маю сям`ю, маіх дзяцей і на маю дзяржаву", - пакрэсліў беларускі лідар.

18 сакавіка 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/52/19996
Текущая дата: 26.12.2024