Белорусский портал в Казахстане

Малдова — «піянэр», Беларусь — аўтсайдэр «Усходняга партнэрства»



Малдова зьяўляецца лідэрам сярод краінаў «Усходняга партнэрства» па прагрэсу ў эўрапейскай інтэграцыі, а Беларусь — аўтсайдэрам.

Такі вынік дасьледаваньня, праведзенага экспэртамі ЭЗ і шасьці краін «Усходняга партнэрства» «Індэкс эўрапейскай інтэграцыі краінаў „Усходняга партнэрства“, паведамляе малдаўскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Moldpres.

Прадстаўленае ў Кішынэве дасьледаваньне было падрыхтавана 50 экспэртамі з Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны і Эўрапейскага зьвязу і разглядае прагрэс краін „Усходняга партнэрства“ па некалькіх напрамках: укараненьне дэмакратыі (выбарчая сыстэма, правы чалавека, незалежнае правасудзьдзе, барацьба з карупцыяй, празрыстасьць у прыняцьці рашэньняў); рынкавая эканоміка і пагадненьне аб стварэньні Зоны паглыбленага і ўсёабдымнага свабоднага гандлю; палітычны дыялёг; ўдзел грамадзянскай супольнасьці.

Пасьля параўнальнай ацэнкі шасьці краінаў Малдова заняла першае месца, за ёй ідуць Грузія, Украіна, Армэнія, Азэрбайджан і Беларусь.

Паводле дасьледаваньня, Малдова набрала найбольшую колькасьць пунктаў па парамэтры „дэмакратыя“: выбарчы працэс; барацьба з карупцыяй; якасьць дзяржаўнага кіраваньня; свабода прэсы; правы чалавека; незалежнае правасудзьдзе. Экспэрты, аднак, лічаць, што існуюць вялікія магчымасьці для паляпшэньня вынікаў. Так, Малдова адстае ў пляне барацьбы з дыскрымінацыяй, яшчэ існуе палітычны ўплыў на судовую сыстэму, высокі ўзровень карупцыі», — адзначае Moldpres.

Радыё Свабода, 22 лістапада 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/54/17889
Текущая дата: 30.09.2024