Белорусский портал в Казахстане

Умовы ЕС непрымальныя для Беларусі



Еўрасаюз ставіць перад Беларуссю непрымальныя ўмовы, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв`ю брытанскай газеце "Індэпэндэнт" і тэлеканалу Бі-бі-сі.

Інтэрв`ю, якое было дадзена ў Мінску 9 кастрычніка, апублікавана вечарам 19 кастрычніка.

"Вы нам ставіце непрымальныя ўмовы: нам трэба змяніць краіну, змяніць яе канстытуцыйны лад, замяніць усё кіраўніцтва краіны, а лепш перадаць вось гэтай "пятай калоне" ўладу і гэтак далей. Таму не толькі я, але і наш народ не прыме такое", — мяркуе Лукашэнка.

"Нам трэба ў эканоміцы пайсці на масавы распродаж прадпрыемстваў задарма. Вось, калі б мы зараз узялі і свае гіганты, і добрыя прадпрыемствы, эканамічна карысныя, перадалі Германіі, Вялікабрытаніі — мы былі б самыя лепшыя. Калі б мы сёння адвярнуліся ад Расіі і ўрачыстым маршам, напляваўшы на Расію, пайшлі ў вашым напрамку, як гэта балтыйскія дзяржавы зрабілі, яшчэ нехта, мы б былі сябрамі. Гэта не для нас", — яшчэ раз падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Членства Беларусі ў еўрасупольнасці Лукашэнка лічыць магчымым толькі "пры ўмове захавання незалежнасці, суверэнітэту, права на развіццё".

"Богам прадвызначана, і ніхто ў нас гэтае права не можа забраць, мы — частка Еўропы, прычым цэнтр, сэрца Еўропы. Калі камусьці не хочацца, каб мы займалі такое месца, ён бяссільны. Мы ўсё роўна будзем там, дзе нам прадвызначана быць", — заявіў Лукашэнка.

"Я вам праблем не складаю, — дадаў ён. — Якія ад Беларусі праблемы для Вялікабрытаніі? Ніякіх! Не, яна амаль у авангардзе барацьбы з Беларуссю. Ды яны хоць ведаюць у Вялікабрытаніі, гэтыя палітыкі, якая тут сітуацыя, якая тут краіна, хто гэты Лукашэнка?" — пацікавіўся беларускі кіраўнік.

"Я жыву ў гэтым, калі мяне "дэмакратызуюць" дубінкай, можна сказаць, груба кажучы, кожны дзень. Хто? Вы, Захад. Якая дэмакратыя? Гэта двайныя стандарты", — заявіў Лукашэнка.

"Я вам стаўлю пытанне: навошта вы, апора дэмакратыі, разбамбілі Ірак? Навошта? Там вы тысячы забілі ні ў чым не вінаватых людзей, там гінулі дзеці! Яны ў чым вінаватыя? У чым вінаваты Ірак быў перад вамі? Якую дэмакратыю вы туды неслі? Вы прыблізна мільён чалавек знішчылі! Дзеля таго, каб Хусейна павесіць?!" — абурыўся Лукашэнка.

"Вось калі такая асаблівая Вялікабрытанія, асаблівая ў дэмакратыі, дапускае вось хаця б адзін такі пракол у Іраку — якая дэмакратыя? Вы як былі імперыялістамі, гэтак і засталіся, як вас раней называлі. Вы ж варвары! Як у сучасным свеце можна з паветра, як злодзеі? Вы баязліўцы, вы, ведаючы, што ў Лівіі, у Хусейна, няма зброі, каб вас дастаць, вы апускаліся на межавую вышыню і адтуль высокадакладнай зброяй бамбілі і забівалі людзей! А што робіцца пасля вас зараз? Гэта страх! А ў Афганістане? Гэта што, таксама выключым? А ў Лівіі? Якая дэмакратыя? Вы ва ўсіх пунктах свету бамбіце!" — заявіў Лукашэнка.

"Я хацеў бы, каб на маёй зямлі ніколі не было вайны, — рэзюмаваў ён. — Ніколі! Гэта самае галоўнае. Усё астатняе, у нас калі няма, то мы навучымся рабіць ці набудзем".

БелаПАН
Мінск, 20 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/56/16987
Текущая дата: 26.12.2024