Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: Дыпламатычны канфлікт са Швецыяй і інцыдэнт з палётам над Беларуссю шведскага самалёта — абсалютна розныя рэчы



Дыпламатычны канфлікт са Швецыяй і інцыдэнт з незаконным палётам над Беларуссю шведскага самалёта ніяк не звязаны, заявіў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы 9 жніўня з журналістамі ў Астравецкім раёне.

"Некаторыя звязваюць гэтую праблему ці то з плюшавымі мядзведзямі, ці то са сланамі. Але гэта абсалютна розныя рэчы", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле слоў афіцыйнага лідара, Беларусь і Швецыя раней дамаўляліся абмяняцца новымі пасламі, аднак гэтыя дамоўленасці былі парушаны шведскім бокам, у выніку чаго і ўзнік дыпламатычны канфлікт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пасол Стэфан Эрыксан працаваў у Беларусі сем гадоў, хаця звычайна тэрмін працы дыпламата ў краіне знаходжання абмяжоўваецца трыма гадамі. Гэта значыць, Беларусь ішла насустрач просьбам шведскага боку аб працягу акрэдытацыі іх пасла, падкрэсліў ён.

Прыблізна год таму шведскаму боку было заяўлена пра немагчымасць далейшага працягу акрэдытацыі Эрыксана з-за той дзейнасці, якой ён займаўся ў Беларусі, паведаміў Лукашэнка.

"Мы гэта бачылі. Я не кажу аб тым, што ён на чале нашай пятай калоны хадзіў, вывучаў нашу мову і гісторыю беларускага народа. Дай бог, цяпер часу больш будзе. Пытанне ў тым, што ён разбураў усялякі пазітыў у адносінах Швецыі і Беларусі. Гэта было год таму. Я выслухаў і кажу: не трэба пазбаўляць яго акрэдытацыі, яму засталося працаваць менш як год, давайце пацерпім", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Інцыдэнт з палётам над Беларуссю шведскага самалёта — "гэта іншая тэма", падкрэсліў ён. "І гэтая тэма патрабуе адказу паводле міжнародных стандартаў ад Швецыі і Літвы, чым мы сёння і займаемся. І калі гэтых адказаў згодна з міжнароднымі нормамі не будзе, мы знойдзем адэкватны адказ на плюшавыя справы", — сказаў Лукашэнка.

"І няхай моляць Бога, што нашы "памяркоўныя" беларусы пашкадавалі гэтых летуноў, — дадаў ён. — Іх зарэгістравалі адразу над мяжой. Пашкадавалі, вы бачыце, фанерны самалёт, а з гэтага выйшаў скандал. Але гэта было парушэнне ўсіх дамоўленасцяў".

Лукашэнка таксама заявіў: "Калі мы пачалі расследаваць (пасол няхай не круціцца, што ён дэмакратыю ў нас абараняе), тыя, хто прыязджалі і рыхтавалі парушэнне дзяржаўнай мяжы, працавалі разам з пасольствам. У нас ёсць гэтаму доказы. Следчыя іх падалі". "Таму мы яшчэ разбярэмся, якую ролю адыграла былое шведскае пасольства ў гэтым інцыдэнце", — дадаў ён.

Беларускі кіраўнік заклікаў Літву не сядзець "як мышы пад венікам". "Яны нам павінны адказаць, чаму далі сваю тэрыторыю для парушэння дзяржаўнай мяжы. Каму-каму, а Літве ў гэтым плане мала не будзе", — падкрэсліў Лукашэнка.

Як паведамлялася раней, 9 жніўня міністр абароны Літвы Раса Юкнявічэне ў інтэрв`ю літоўскай радыёстанцыі Ziniu radijas заявіла, што ў Літвы няма ніякіх звестак пра інцыдэнт, звязаны з "плюшавым дэсантам" у Беларусі.

"Паветраная прастора дакладна не была парушана. У Літве пастаянна бываюць невялікія прыватныя самалёты, яны былі і на той момант, аднак ніякіх парушэнняў не было зафіксавана. Калі будзе зварот наконт прававой дапамогі, то тады літоўскія ведамствы разгледзяць гэтую магчымасць у межах дзейных законаў", — сказала міністр.

Юкнявічэне паведаміла, што не мае афіцыйнай інфармацыі аб просьбе Беларусі да Літвы. Паводле яе слоў, просьба Мінска аб прававой дапамозе будзе разгледжана ў адпаведнасці з дзейнымі прававымі актамі.

Разам з тым, адзначыла яна, Літва салідарызуецца са Швецыяй, а паводзіны Беларусі з`яўляюцца неналежнымі. "Застаецца толькі салідарызавацца са Швецыяй. Такія паводзіны, выдварэнне дыпламатаў не адпавядаюць ні прынцыпам добрасуседскіх адносінаў, ні супрацоўніцтву паміж краінамі", — сказала літоўскі міністр.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 9 жніўня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/57/15715
Текущая дата: 18.11.2024