Белорусский портал в Казахстане

МЗС Кітая апублікавала план урэгулявання ўкраінскага крызісу



МЗС Кітая апублікавала план урэгулявання ўкраінскага крызісу. Дакумент складаецца з 12 пунктаў і размешчаны на афіцыйным сайце ведамства.

Пекін звярнуў увагу на неабходнасць паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць усіх краін, заклікаў адмовіцца ад падвойных стандартаў і прымяняць міжнароднае права да ўсіх аднолькава.

Яшчэ адна ўмова — адмова ад менталітэту халоднай вайны, бо ўзмацненне і пашырэнне ваенных блокаў не забяспечыць рэгіянальную бяспеку.

Чарговы пункт заклікае спыніць баявыя дзеянні і спыніць вайну, бо ў канфліктах няма пераможцаў. Бакі павінны захоўваць стрыманасць, каб не дапусціць далейшай эскалацыі і выхаду ўкраінскага крызісу з-пад кантролю.

Асобны пункт прысвечаны мірным перагаворам. На думку Кітая, канструктыўны дыялог — адзіны выхад з існуючага ўкраінскага крызісу. Для аднаўлення перагавораў паміж Расіяй і Украінай неабходна стварыць умовы.

Таксама Пекін звярнуў увагу на абмен ваеннапалоннымі паміж Масквой і Кіевам і падкрэсліў неабходнасць супрацьстаяць узброеным нападам на мірныя ядзерныя аб’екты. Яшчэ адна прапісаная ў дакуменце пазіцыя тычыцца недапушчальнасці прымянення ядзернай зброі.

Кітай таксама заклікаў усе бакі выконваць пагадненне аб перавозцы збожжа па Чорным моры і выступіў супраць злоўжывання аднабаковымі санкцыямі ў кантэксце ўкраінскага канфлікту, бо гэта стварае новыя праблемы. Акрамя таго, у заяве ўтрымліваецца заклік забяспечыць стабільнасць ланцужкоў вытворчасці і паставак.

У заключным пункце Кітай выказаў гатоўнасць аказаць дапамогу і адыграць канструктыўную ролю ў пасляваенным аднаўленні ў зоне канфлікту.

Звязда, 24 лютага 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/6/68529
Текущая дата: 17.11.2024