Белорусский портал в Казахстане

Новы пасол Ізраіля Іосіф Шагал не ведае пра наяўнасць у Беларусі палітзняволеных



Пра гэта ён заявіў 15 лютага на сваёй першай прэс-канферэнцыі ў Мінску.

"Я — грамадзянін Ізраіля, у нас няма палітзняволеных. Што да Беларусі, то я не ведаю, мне трэба пачытаць газеты. Праз паўгода я адкажу на ваша пытанне, — сказаў пасол, — Я журналіст і выдатна ведаю, як пішуцца артыкулы. Вы самі былі ў лагерах для палітзняволеных?"

Іосіф Шагал падкрэсліў, што на міжнароднай арэне Ізраіль імкнецца быць "максімальна стрыманым" пры абмеркаванні сітуацыі ў Беларусі. "У межах гэтай самай стрыманасці Ізраіль ніколі не выстаўляў нейкіх сур`ёзных прэтэнзій Беларусі. Калі і галасаваў па дакументах, то на аснове парытэту, калі Беларусь галасавала супраць Ізраіля ў пытаннях палесціна-ізраільскіх адносін", — сказаў дыпламат.

Ён таксама адзначыў, што Ізраіль стрымана ставіцца да санкцый Еўрасаюза і ЗША ў дачыненні да Беларусі. "Мы галасуем у межах партнёрскіх адносін, але самі мы такога не ініцыюем. Як і Беларусь не ініцыюе антыізраільскія пытанні, але галасуе па іх", — падкрэсліў Шагал.

Як раней паведамлялася, новы пасол Ізраіля ў Беларусі быў прызначаны ў кастрычніку мінулага года і ў канцы студзеня гэтага пачаў выкананне сваіх абавязкаў у Мінску.

Шагал — ураджэнец Баку, працаваў у Ізраілі журналістам, у тым ліку на "Дзявятым канале" ТБ. Быў дэпутатам кнесета 17-га склікання. 8 студзеня гэтага года Вышэйшы суд справядлівасці Ізраіля адхіліў іск, пададзены рухам "За чысціню ўлады", супраць яго прызначэння паслом у Беларусі. Істцы сцвярджалі, што ў гэтым прызначэнні прысутнічае канфлікт інтарэсаў, бо ў дачыненні да міністра замежных спраў Авігдора Лібермана, які прапанаваў гэту кандыдатуру, вядзецца расследаванне ў сувязі з дзейнасцю былога пасла Ізраіля ў Беларусі. Суддзя Вышэйшага суда Эстэр Хают у сваім рашэнні адзначыла, што хаця камісія па прызначэнні і разглядала кандыдатуру, прапанаваную Ліберманам, аднак рашэнне аб прызначэнні было прынята зыходзячы з прафесійных навыкаў кандыдата. Такім чынам, суд не ўбачыў у гэтым прызначэнні канфлікту інтарэсаў.

Ліберман унёс кандыдатуру Шагала ў межах 11 прызначэнняў, якія ён мае права ажыццявіць. Пасада ізраільскага пасла ў Мінску стала вакантнай пасля таго, як часовы выканаўца абавязкаў пасла Эдуард Шапіра ў сярэдзіне сакавіка 2011 года быў пераведзены на пасаду консула Ізраіля ў Санкт-Пецярбургу.

25 студзеня ў інтэрв`ю інтэрнэт-тэлеканалу ITON TV Шагал паведаміў, што асабіста знаёмы з Аляксандрам Лукашэнкам. "З майго пункту гледжання, Лукашэнка — гэта лідар. У яго ёсць пэўныя мінусы, але чаго ў яго не адняць, і гэта пацвердзіць беларускі народ, які галасуе нармальна, што б там не гаварылі аб падтасоўках, беларусы добра жылі: яны атрымлівалі зарплаты, пенсіянеры — пенсіі, было чыста, эканоміка выдатна працавала, — сказаў дыпламат. — Ва ўмовах, калі Беларусь ізалююць: ідзе магутная хваля, найперш еўрапейская і амерыканская, — іх абвінавачваюць у парушэнні правоў чалавека, ва ўпор не заўважаючы, што практычна тое ж самае, толькі ў значна большых маштабах, робіцца ў Расіі. Незразумелы гэты акцэнт, націск. Мы, як ізраільцяне, якія па сабе ведаем, што такое палітыка двайных стандартаў, павінны добра разумець тыя краіны, якія трапляюць у такую ж сітуацыю".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 15 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/64/12304
Текущая дата: 18.11.2024