Белорусский портал в Казахстане

Краіны ЕС адклікаюць паслоў з Беларусі



Краіны ЕС адклікаюць сваіх паслоў з Беларусі для кансультацый, паведаміла Майя Качыянчыч, прэс-сакратар Вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

"Услед за патрабаваннем беларускіх улад аб тым, каб кіраўнік місіі ЕС у Мінску і пасол Польшчы пакінулі Беларусь, Вярхоўны прадстаўнік ЕС разам з міністрам замежных спраў Польшчы Радославам Сікорскім вырашылі адклікаць паслоў для кансультацый", — сказала Качыянчыч.

Паводле яе слоў, на экстраннай нарадзе камітэта па палітычных пытаннях і пытаннях бяспекі, якое толькі што завяршылася ў Бруселі, прынята рашэнне адклікаць з Мінска ўсіх паслоў краін ЕС.

"На гэтай нарадзе ў знак салідарнасці і адзінства было вырашана, што паслы ўсіх краін ЕС будуць адкліканыя з Мінска для кансультацый", — сказала прадстаўнік Эштан.

"Акрамя таго, усе беларускія паслы ў ЕС будуць выкліканыя ў міністэрствы замежных спраў краін іх знаходжання", — дадала Качыянчыч.

Нагадаем, некалькі гадзін таму афіцыйны Мінск прапанаваў кіраўніку прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майры Моры і паслу Польшчы Лешаку Шарэпку "выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый". Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных у адказ на прынятае напярэдадні рашэнне Савета ЕС папоўніць спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў.

27 лютага на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін ЕС у Бруселі ў так званы чорны спіс быў уключаны яшчэ 21 беларускі чыноўнік. Гэта прадстаўнікі судовай сістэмы і праваахоўных органаў. Іх прозвішчы павінны быць апублікаваныя 29 лютага ў Афіцыйным часопісе ЕС.

Першапачаткова ў спісе было 158 імёнаў. Пасля Савет ЕС неаднаразова пашыраў гэты пералік, і цяпер уезд у Еўрасаюз забаронены больш чым 200 беларускім чыноўнікам.

У сакавіку Савет міністраў ЕС разгледзіць поўны спіс беларускіх прадпрыемстваў і бізнесменаў, да якіх могуць быць прымененыя санкцыі ЕС, паведаміла Кэтрын Эштан.

Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 28 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/64/12542
Текущая дата: 24.12.2024