Белорусский портал в Казахстане

Саветнік Хілары Клінтан: ЗША не бачаць будучыні ў адносінах з Беларуссю



Злучаныя Штаты Амерыкі занепакоеныя тым, што "ў Беларусі няма ніякага прагрэсу ў бок дэмакратызацыі", заявіў падчас свайго візіту ў Літву 12 студзеня саветнік дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан Філіп Гордан.

"Мы сапраўды лічым, што ў Беларусі была магчымасць пачаць паважаць дэмакратыю і правы чалавека і зрушыцца ў бок лепшых адносін з намі. Аднак пасля расправы з апазіцыяй, пасля нядаўняга арышту праваабаронцы (Алеся Бяляцкага. — БелаПАН.) Беларусь страціла такую магчымасць. Таму мы бачылі, што ЗША зацвердзілі санкцыі адносна Беларусі, былі ажыццёўлены аб`яднаныя дзеянні ЗША і ЕС, якімі паказалі, што такое недапушчальна. Мы не бачым будучыні ў адносінах з Беларуссю", — цытуе Гордана партал навін Delfi.

На пытанне, чаму Хілары Клінтан падтрымала будаўніцтва беларускай АЭС на мяжы з Еўрасаюзам, яе саветнік адказаў: "Хачу выразна сказаць, што пазіцыя ЗША такая: калі Беларусь перадае добра абагачаны ўран (а для нас гэта важна), то ЗША не будуць супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі, калі яна будзе адпавядаць міжнародным патрабаванням бяспекі".

"Аднак, — дадаў Гордан, — нават у гэтым выпадку ЗША не былі дзяржавай, якая плаціла б за будаўніцтва або тэхнічнае забеспячэнне гэтай электрастанцыі. Проста мы не супраць права Беларусі на развіццё бяспечнай атамнай энергетыкі".
Пры гэтым саветнік дзяржасакратара ЗША адзначыў: важна не месцаразмяшчэнне будучай беларускай АЭС, а тое, ці будзе яна адпавядаць патрабаванням бяспекі.

Нагадаем, 1 снежня 2010 года на саміце АДКБ у Астане Хілары Клінтан і кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў выступілі з сумеснай заявай, у якой пацвердзілі прыхільнасць сваіх краін ядзернай бяспецы і ядзернаму нераспаўсюджванню.

Мартынаў аб`явіў, што Беларусь прыняла рашэнне аб ліквідацыі ўсіх сваіх запасаў высокаабагачанага ўрану і мае намер ажыццявіць гэта да наступнага саміта па ядзернай бяспецы ў 2012 годзе.

У сваю чаргу амерыканскі бок заявіў аб гатоўнасці аказаць тэхнічную і фінансавую дапамогу для найхутчэйшай ліквідацыі Беларуссю запасаў высокаабагачанага ўрану.

У жніўні 2011 года Мінфін ЗША ў сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі ўвёў санкцыі да чатырох беларускіх прадпрыемстваў ("Нафтана", "Гродна Азота", "Гродна Хімвалакна" і "Белшыны"), а ў жніўні Барак Абама працягнуў тэрмін дзеяння федэральнага закона, які надзяляе прэзідэнта ЗША паўнамоцтвамі рэгуляваць гандлёвыя адносіны з краінамі, якія ўяўляюць пагрозу для Злучаных Штатаў. У гэты спіс уваходзіць і Беларусь.

У адказ на гэта Беларусь аб`явіла аб замарожванні праектаў па абмену высокаабагачанага ядзернага паліва з ЗША.

БелаПАН
Мінск, 13 студзеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/66/11731
Текущая дата: 24.12.2024