Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Ўсходняе партнёрства



Беларусь адмовілася ад удзелу ў саміце Ўсходняга партнёрства, што праходзіць у Варшаве. Гэта вынікае з заявы беларускага МЗС.

"Напярэдадні саміта Усходняга партнёрства яго арганізатары пайшлі на беспрэцэдэнтныя дыскрымінацыйныя меры ў адносінах да Беларусі. Яны адмовіліся накіраваць запрашэнне кіраўніку беларускай дзяржавы, — гаворыцца ў заяве. — Следам за гэтым прызначаны Беларуссю кіраўнік яе дэлегацыі быў абмежаваны ва ўдзеле ў мерапрыемствах саміта".

МЗС расцэньвае гэтыя дзеянні як "найбольш грубае парушэнне базавых прынцыпаў Усходняга партнёрства, узгодненых на першым саміце ў Празе ў 2009 годзе".

"Беларусь актыўна працавала ў інтарэсах падрыхтоўкі саміта і мела намер браць удзел у яго мерапрыемствах. Аднак у гэтых умовах удзел у саміце становіцца немагчымым —  партнёрства не можа быць заснавана на дыскрымінацыі. Сваімі дзеяннямі арганізатары саміта наносяць урон дзеяздольнасці гэтай рэгіянальнай ініцыятывы і нясуць за гэта адказнасць", — заяўляе знешнепалітычнае ведамства Беларусі.

Пры гэтым у заяве падкрэсліваецца: "Рашэнні саміта, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь і прынятыя без прамой згоды нашай краіны, будуць нелегітымныя. Без удзелу Беларусі значнасць партнёрства сур`ёзна страчваецца".

Разам з тым МЗС заяўляе пра гатоўнасць беларускага боку "ўзаемадзейнічаць ва ўмацаванні і развіцці гэтай рэгіянальнай ініцыятывы, але толькі на прынцыпах рэальнага, а не ўяўнага партнёрства".

Нагадаем, ад Беларусі на саміт запрашаўся міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў, аднак 28 верасня беларускае МЗС паведаміла, што дэлегацыю на саміце ўзначаліць пасол у Польшчы Віктар Гайсёнак. Пазней прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных заявіў: беларускі бок пакідае за сабой права наогул адмовіцца ад удзелу ў саміце Усходняга партнёрства ў Варшаве, калі статус і фармат удзелу Гайсёнка як кіраўніка беларускай дэлегацыі будуць нейкім чынам абмежаваныя.

Як раней паведамляў БелаПАН, Віктар Гайсёнак не браў удзел у нефармальнай вячэры, якая адбылася ў Варшаве 29 верасня і фактычна адкрыла саміт. Прэс-сакратар беларускага пасольства ў Польшчы Аляксей Зелянко паведаміў, што з МЗС Польшчы было атрымана паведамленне, з якога вынікае, што "беларуская дэлегацыя браць удзел у вячэры не будзе".

Асноўныя мерапрыемствы саміта пройдуць сёння. Чатыры краіны — удзельніцы Усходняга партнёрства прадстаўлены на саміце на ўзроўні прэзідэнтаў — гэта Арменія, Азербайджан, Грузія і Украіна. Ад Малдовы ў Варшаву прыбыў прэм`ер-міністр.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 30 верасня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/69/9502
Текущая дата: 24.12.2024