Белорусский портал в Казахстане

Кіраўнік МЗС Польшчы заклікаў Лукашэнку пачаць перамовы аб мірнай перадачы ўлады



Міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі заклікаў Аляксандра Лукашэнку пачаць перамовы аб мірнай перадачы ўлады і "не чапляцца за яе падобна жорсткім правіцелям у Паўночнай Афрыцы", піша газета Financial Times.

У інтэрв`ю лонданскай рэдакцыі выдання дыпламат сказаў, што "прычынай эканамічных цяжкасцяў і палітычнай ізаляцыі Беларусі з`яўляецца сістэма "луканомікі".

"Таму я веру, што прадмет для абмеркавання са спадаром Лукашэнкам – гэта пераход Беларусі да дэмакратыі і яго належны сыход ад улады", — заявіў Сікорскі.

Лукашэнку, паводле меркавання Сікорскага, трэба браць прыклад не з егіпецкага і лівійскага лідараў Хосні Мубарака і Муамара Кадафі, а з апошняга лідара камуністычнай Польшчы Войцэха Ярузельскага, які пакінуў сваю пасаду пасля таго, як было дасягнута пагадненне аб правядзенні дэмакратычных выбараў.

Акрамя таго, кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Польшчы адзначыў, што Еўрасаюз правільна зрабіў, калі не выключыў Беларусь з праграмы "Усходняе партнёрства" нягледзячы на рэпрэсіі Лукашэнкі ў дачыненні да апазіцыі.

"Мы лічым, што механізмы і перавагі "Усходняга партнёрства" пойдуць на карысць беларускаму народу", — заявіў Сікорскі.

Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 2 жніўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/71/8355
Текущая дата: 23.12.2024