Белорусский портал в Казахстане

«Беларусь – выклік для сьмелых людзей заходняга сьвету» Прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі



Сёньня ў польскім Уроцлаве пачаў працу другі штогадовы Глябальны форум, на якім каля 200 уплывовых эўрапейскіх і амэрыканскіх палітыкаў і інтэлектуалаў абмяркоўваюць адказы на самыя вострыя выклікі нашага часу.

Трансатлянтычныя адносіны і праграма "Ўсходняе партнэрства", роля Цэнтральнай Эўропы ў сусьветнай эканоміцы і энэргетычная палітыка, будучыня Беларусі і пострэвалюцыйных краін паўночнай Афрыкі – асноўныя тэмы дыскусіяў на форуме. Вельмі важная для гаспадароў тэма – польскае старшыняваньне ў Эўразьвязе, якое пачынаецца 1 ліпеня сёлета.

Сярод удзельнікаў «мазгавога штурму» сусьветных праблемаў – міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі, былы польскі прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі, прэм`ер-міністар Малдовы Ўлад Філат, былы кандыдат у прэзыдэнты ЗША, сэнатар Джон Маккейн, памочнік міністра абароны Злучаных Штатаў, былы пасол ЗША ў Маскве Аляксандар Вэршбоў.

Форум адкрыў сваёй прамовай прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі. Падчас выступу ён асабліва спыніўся на сытуацыі ў Беларусі.

Ён сказаў, што Беларусь – выклік і поле дзейнасьці для сьмелых людзей і інстытуцыяў заходняга сьвету, месца, дзе дэмакратычны сьвет можа прадэманстраваць сваю салідарнасьць і імкненьне да пашырэньня дэмакратыі ў сьвеце. Польскі прэзыдэнт адзначыў, што Беларусь – адзіная краіна рэгіёну, якая перажывае рэгрэс у сэнсе дэмакратычных свабодаў, у адрозьненьні ад балтыйскіх краінаў, Малдовы, Ўкраіны і нават Расеі.

Ініцыятыва скліканьня форуму належыць Атлянтычнай радзе – міжнароднай грамадзкай арганізацыі, якая спрыяе ўмацаваньню сувязяў паміж Эўропай і Злучанымі Штатамі. Суарганізатарамі форуму выступілі рада горада Уроцлава, міністэрства замежных справаў Польшчы, пасольства ЗША ў Варшаве і асноўныя польскія дасьледчыя цэнтры ў галіне міжнародных зносінаў.

Падчас працы форуму прадугледжаны разгляд сытуацыі ў Беларусі – у яе абмеркаваньні возьмуць удзел Аляксандар Мілінкевіч і Станіслаў Шушкевіч.

Важная частка форуму – уручэньне ўзнагароды Свабоды Атлянтычнай рады.

«Гэтая ўзнагарода нагадвае нам аб нашай адказнасьці за падтрымку духу дэмакратыі там, дзе ён узьнікае. Сёньня мы адзначаем значны прагрэс у Малдове і неверагоднае абуджэньне ў паўночнай Афрыцы. Мы таксама памятаем пра мужны народ Беларусі і яго барацьбу за свабоду» -- сказаў Фрэдэрык Кэмпэ, кіраўнік Атлянтычнай рады.

Сёлета ўзнагародай Свабоды Атлянтычнай рады будуць ўганараваныя Беларуская асацыяцыя журналістаў, праваабарончы цэнтар «Вясна», беларускі «Свабодны тэатар», прэм`ер-міністар Малдовы Ўлад Філат, Ісраа Абдэль Фатах -- эгіпецкі блогер, адна з ключавых асобаў сёлетняй эгіпэцкай рэвалюцыі.

Узнагароду таксама атрымаюць сэнатар ЗША Джон Маккейн, польскі міністар Радаслаў Сікорскі, заснавальнікі «Газэты Выборчай» Адам Міхнік і Гелена Лучыва. Пасьмяротна адзнакай уганараваны Роналд Асмус, амэрыканскі дыплямат і дасьледчык.

Учора падчас прыёму для ўдзельнікаў форуму мэр Уроцлава Рафал Душкевіч падараваў сымбалічныя ключы ад гораду старшыні Атлянтычнай рады і паслу ЗША ў Польшчы Лі Файнштейну. На думку ініцыятараў форуму трансатлянтычная салідарнасьць, адзінства Эўропы і Амэрыкі – ключы для вырашэньня многіх праблем, зь якімі сутыкаецца сьвет.

10 чэрвеня 2011
Юры Дракахруст
Радыё Свабода

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/73/7138
Текущая дата: 23.12.2024