Белорусский портал в Казахстане

Беларусь не бачыць прычын для расследавання падзей 19 снежня місіяй АБСЕ



Аб`ектыўных падстаў для запуску "Маскоўскага механізму" ў адносінах да Беларусі не існуе. Пра гэта заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ Аляксандр Сычоў 8 красавіка на пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ ў Вене, паведамляе прэс-служба МЗС.

"Мы катэгарычна не прымаем выкладзеную краінамі-ініцыятарамі інтэрпрэтацыю сітуацыі ў Беларусі, — заявіў Сычоў. — Па сэнсе параграфа 12 Маскоўскага дакумента АБСЕ 1991 года спроба прадставіць Беларусь у якасці асаблівага выпадку невыканання абавязацельстваў мае яўна прадузяты і надуманы характар. У Беларусі адсутнічае пагроза выкананню абавязацельстваў АБСЕ і ўжо тым больш "асабліва сур`ёзная". Сітуацыя ў краіне стабільная, няма міжнацыянальных і міжканфесійных канфліктаў. Рэспубліка Беларусь з адказнасцю ставіцца да выканання сваіх міжнародных абавязацельстваў, у тым ліку па лініі чалавечага вымярэння АБСЕ".

Паводле слоў Сычова, "некаторыя калегі (у АБСЕ — БелаПАН.) прама заяўляюць", што рашэнню беларускага боку па офісе АБСЕ стала сапраўднай прычынай запуску "Маскоўскага механізму". "Тым самым гэтай ініцыятывай нас спрабуюць прымусіць перагледзець прынятае рашэнне. І не толькі нас. Прымяненне "Маскоўскага механізму" супраць дзяржавы, якая прыняла рашэнне аб спыненні палявой прысутнасці АБСЕ, — яўная спроба стварыць прэцэдэнт для адмаўлення права іншых дзяржаў на прыняцце такога рашэння. Мы ўсе павінны ясна і дакладна гэта ўсведамляць", — заявіў афіцыйны прадстаўнік Беларусі.

Пры гэтым ён падкрэсліў: спыненне мандата місіі АБСЕ з`яўляецца суверэнным правам любой дзяржавы — ўдзельніцы АБСЕ, і такое права "неаднаразова рэалізоўвалася ў краінах, у тым ліку ў дастаткова вострых сітуацыях з выканнем абавязацельстваў АБСЕ". Ніякага прымянення "Маскоўскага механізму" ў гэтых выпадках не было, падкрэсліў Сычоў.

"Больш за тое, у апошнія гады на прасторы АБСЕ, у тым ліку ў краінах, дзе місіі АБСЕ адсутнічаюць, узнікалі сапраўды крызісныя сітуацыі, якія забіралі многія чалавечыя жыцці, патрабавалі самай сур`ёзнай рэакцыі. Але мы не чулі нават пра спробы задзейнічаць адпаведныя механізмы, — зазначыў дыпламат. — Таму ініцыятарамі "Маскоўскага механізму" ў гэтым выпадку прыменены адыёзны непрыкрыты "двайны стандарт", што наносіць прынцыповы ўрон аўтарытэту АБСЕ".

Сычоў таксама паведаміў, што Беларусь працягвае ўзаемадзеянне з Літвой як дзейным старшынствам у АБСЕ, інстытутамі і іншымі выканаўчымі структурамі Арганізацыі па ўсім спектры пытанняў парадку дня АБСЕ.

"Мы афіцыйна праінфармавалі, і неаднаразова, дзейнае старшынства, Генеральнага сакратара, дзяржавы-ўдзельніцы пра гатоўнасць да працягу праектнай дзейнасці АБСЕ ў Беларусі. Свядомае ігнараванне гэтай групай ініцыятараў — няправільны сігнал усім удзельнікам АБСЕ. Прымяненне надзвычайных мер толькі перашкаджае працягу супрацоўніцтва", — заявіў беларускі дыпламат.

Ён падкрэсліў, што Беларусь "паслядоўна вядзе дыялог па ўсіх пытаннях, што выклікаюць цікавасць або занепакоенасць у партнёраў".

"Пра якую непрадузятую місію дакладчыка можна казаць, калі "Маскоўскі механізм" запушчаны без важкіх падстаў і ініцыяваны групай краін, якія ўжо занялі пэўную, публічна акрэсленую пазіцыю ў адносінах да Беларусі? Адпаведна, высновы даклада з самага пачатку носяць зададзены характар", — цытуе Сычова прэс-служба МЗС.

Беларусі, падкрэсліў ён, замест дыялогу і практычнага супрацоўніцтва навязваюць "палітызаваны механізм, запуск якога з`яўляецца наглядным прыкладам непрыкрытага прымянення двайных стандартаў".

Сычоў таксама нагадаў, што беларускі бок, кіруючыся абавязацельствамі АБСЕ, запрасіў экспертаў БДІПЧ АБСЕ ажыццяўляць маніторынг за судовымі працэсамі па справе аб масавых беспарадках. "Гэта выключна рэдкая ў гісторыі нашай Арганізацыі адкрытая пазіцыя па такім адчувальным пытанні. Гэтая праца яшчэ не завершана, а Арганізацыі спрабуюць навязаць ужо новую місію ў адносінах да Рэспублікі Беларусь", — падкрэсліў дыпламат.

"Маскоўскі механізм" Сычоў назваў некансенсусным, які адчувае кан`юнктурныя, палітызаваныя, тэндэнцыйныя уплывы, маніпуляванне "заржавелым інструментам з мінулай эпохі".

"Ініцыятары "Маскоўскага механізму" фактычна адкрыта пасылаюць ясны сігнал усёй АБСЕ: яны хочуць маніпуляваць Арганізацыяй у сваіх мэтах і не маюць намеру спыняцца ні перад чым. Яны пераследуюць мэты, якія не маюць ніякага дачынення ні да чалавечага вымярэння, ні да АБСЕ ў цэлым. Нават больш — гэтыя мэты супярэчаць духу і асноватворным прынцыпам нашай Арганізацыі, што не прымаюць прымянення націску і аднабаковых падыходаў", — заявіў беларускі дыпламат.

Ён заклікаў ініцыятараў "Маскоўскага механізму" перагледзець сваё рашэнне і вярнуцца "ў поле нармальнага, узаемапаважлівага дыялогу". "Спадзяемся, што літоўскае старшынства зможа забяспечыць неабходныя ўмовы для працягу такога даклада ў межах АБСЕ", — рэзюмаваў Сычоў.

Як раней паведамляў БелаПАН, прапанова пра накіраванне місіі міжнародных экспертаў была зробленая ў межах схемы АБСЕ, вядомай таксама як "Маскоўскі механізм". Гэтую схему ўхвалілі ўсе члены АБСЕ, уключаючы Беларусь, для стымуляцыі выканання і павагі правоў чалавека, асноўных свабод і асноў дэмакратыі, вяршэнства закона з дапамогай дыялогу і супрацоўніцтва.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 8 красавіка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/75/5809
Текущая дата: 23.12.2024