Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка абвінаваціў ЗША ў фінансаванні беларускай апазіцыі



Беларусь хацела б супрацоўнічаць з ЗША, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв`ю газеце The Washington Post, якое апублікавана 4 сакавіка. Інтэрв`ю амерыканскаму выданню беларускі кіраўнік даў 28 лютага.

Лукашэнка папрасіў інтэрв`юёра, старшага рэдактара газеты Элізабет Грэхем Веймаўт, перадаць амерыканцам, што беларусы ставяцца да іх вельмі добра. "Мы ніколі сабе не дазволім выстройваць жалезную заслону, каб яны не маглі да нас прыехаць", — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, беларусы спадзяваліся на зацікаўленасць амерыканцаў і еўрапейцаў у тым, каб Беларусь "была суверэннай і незалежнай", у выстройванні з ёй "прыстойных адносінаў". Аднак "падзеі 19 снежня нас пераканалі ў тым, што вы гэтага не хацелі і да 19 снежня", заявіў беларускі кіраўнік.

Ён выказаў меркаванне, што апазіцыянеры, удзельнікі судовых працэсаў, — гэта людзі, якіх накіроўвала амерыканская прапаганда і якія бралі амерыканскія грошы.

"Вы ўскладваеце віну за людзей у турме на ЗША?" — пацікавілася ў яго Веймаўт. "Каго ж яшчэ вініць? Мне трэба вініць Кітай? — сказаў у адказ Лукашэнка. — Мы не дазволім вам стварыць пятую калону ў Беларусі і падарваць беларускую сістэму".

Паводле яго слоў, "не дай Бог" амерыканцам перавярнуць сітуацыю ў Беларусі і зрабіць так, каб падзеі ў ёй развіваліся як у Лівіі ці Егіпце.

Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 5 сакавіка 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/79/4870
Текущая дата: 23.12.2024