Белорусский портал в Казахстане

У Менску яшчэ адзін беларускамоўны дыплямат



Лешаку Шарэпку 46 гадоў. Ён быў выканаўцам абавязкаў намесьніка амбасадара ва Украіне і першым сакратаром у польскай амбасадзе ў Расеі. Дыплямат ведае беларускую, ангельскую, расейскую і ўкраінскую мовы.

Ад сёньняшняга дня ў Беларусі працуе новы амбасадар Польшчы. У Менск ён прыбыў 20 лютага.

Камітэт замежных справаў польскага Сэйму ўхваліў кандыдатуру Шарэпкі летась пры канцы лістападу. Тады, адказваючы на пытаньні дэпутатаў аб стаўленьні да праблемы Саюзу палякаў у Беларусі, Шарэпка сказаў, што на ягоную думку, у Беларусі «могуць дзейнічаць столькі польскіх арганізацыяў, колькі хочуць», толькі каб у гэтай справе панавала свабода, і ён будзе дзейнічаць у гэтым накірунку.

Папярэдні амбасадар Польшчы ў Беларусі Хенрык Літвін пакінуў Менск летась у красавіку неўзабаве пасьля катастрофы польскага ўрадавага самалёта пад Смаленскам.

Генрык Літвін таксама валодаў беларускай мовай.

З дыпляматаў, якія цяпер працуюць у Беларусі, па-беларуску гавораць амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан і амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас. У розныя часы ў Беларусі працавалі дыпляматы, якія публічна засьведчылі сваё веданьне беларускай мовы: амбасадар ЗША Джордж Крол, амбасадар Польшчы Марыюш Машкевіч, амбасадар Вялікай Брытаніі Найджэл Гулд-Дэвіс, амбасадар Ізраілю Зееў Бэн-Ар’е, амбасадар Літвы Ёнас Паслаўскас, амбасадар Польшчы Гэнрык Літвін, амбасадар Украіны Ігар Ліхавы.

У 2009 годзе Стэфан Эрыксан прапанаваў стварыць у Менску нефармальную суполку беларускамоўных амбасадараў.

21 лютага 2011
Радыё Свабода

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/81/4590
Текущая дата: 23.12.2024