Белорусский портал в Казахстане

Сенатар Дзік Дурбін: У Лукашэнкі не павінна быць ілюзій — санкцыі з`яўляюцца толькі першым крокам



"У Лукашэнкі не павінна быць ілюзій — санкцыі з`яўляюцца толькі першым крокам", — заявіў сенатар ад штата Ілінойс, памочнік лідара большасці дэмакратычнай партыі ў сенаце ЗША Дзік Дурбін. Тэкст заявы размешчаны на афіцыйнай старонцы Дурбіна на сайце сената.

"Я вітаю новыя адрасныя санкцыі і абмежаванні ў перамяшчэнні, скіраваныя супраць Лукашэнкі і тых, хто падтрымлівае яго дыктатуру. Ды таго часу, пакуль усе палітзняволеныя не будуць выпушчаны без умоў, націск на рэжым будзе толькі ўзмацняцца. Калі Беларусь хоча стаць часткай сусветнай супольнасці і палепшыць адносіны з Захадам, асноўныя правы чалавека і дэмакратычныя стандарты павінны выконвацца", — падкрэсліў Дурбін.

У сярэдзіне студзеня Дзік Дурбін наведаў Беларусь. Ён сустрэўся з прадстаўнікамі апазіцыі, праваабаронцамі, сем`ямі затрыманых, а таксама з міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым.

Нагадаем, 31 студзеня ЗША ўвялі палітычныя і эканамічныя санкцыі супраць афіцыйнага Мінска. У прыватнасці, адноўлены эканамічныя санкцыі ў дачыненні да прадпрыемстваў "Полацк-Шкловалакно" і "Лідская лакафарба", пашыраны спіс асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЗША.

Як заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Філіп Кроўлі, гэтыя меры ўведзены ў адказ на "брутальнае задушэнне прэзідэнтам Лукашэнкам і ўрадам Беларусі дэманстрацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў", "непрапарцыянальнае прымяненне сілы і затрыманне соцень дэманстрантаў, уключаючы пяцярых кандыдатаў у прэзідэнты, працяг рэйдаў супраць грамадзянскай супольнасці, СМІ і палітычных партый, закрыццё офіса АБСЕ ў Мінску і фальсіфікацыі пры падліку галасоў".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 3 лютага 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/82/4199
Текущая дата: 17.11.2024