Белорусский портал в Казахстане

Ці запросяць Лукашэнку ў Брусэль сьледам за Карымавым?



У той час, як Эўразьвяз абмяркоўвае санкцыі адносна Аляксандра Лукашэнкі, лідэры Зьвязу прымаюць у Брусэлі іншага дыктатара – Іслама Карымава. Музафар Сулейменаў, экспэрт камітэту абароны журналістаў, параўноўвае палітыку ЭЗ адносна Беларусі і Ўзбэкістану.

Эўрапейскі зьвяз павінен адстойваць уласныя дэклярацыі аб абароне свабоды слова і правоў чалавека ў краінах былога СССР. Аднак пакуль абсалютна супрацьлеглыя падыходы Эўразьвязу да аўтарытарных лідэраў у Беларусі і Ўзбэкістане пакідаюць вялікія сумневы ў наяўнасьці ў Зьвязу нейкай стратэгіі.

Нядаўнія рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць незалежных СМІ і актывістаў апазыцыі сталі падставай для Эўрапарлямэнту асудзіць гэтыя парушэньні правоў чалавека і ўжыць санкцыі адносна прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і ягоных урадоўцаў.

У адказ на падзеі ў Менску эўрадэпутаты запатрабавалі неадкладна вызваліць усіх зьняволеных журналістаў і апазыцыйных кандыдатаў і заклікалі эўрапейскія ўстановы і службовых асобаў ЭЗ перагледзець палітыку ў дачыненьні да Беларусі. У прыватнасьці, яны заклікалі замарозіць эканамічную і фінансавую дапамогу ў Беларусь, і ўвесьці забароны на выдачу візаў у Лукашэнку і яго чыноўнікам. Дэпутаты таксама заклікалі ЭЗ падтрымаць беларускіх актывістаў грамадзянскай супольнасьці і незалежныя сродкі масавай інфармацыі "ўсімі фінансавымі і палітычнымі сродкамі".

Меры супраць Лукашэнкі былі ўхваленыя многімі ў Беларусі і за мяжой, у тым ліку і ўрадоўцамі ЗША. Але рашэньне Эўразьвязу запрасіць прэзыдэнта Ўзбэкістану Іслама Карымава выклікае абурэньне.

Рэжым Карымава вядомы сваёй шматгадовай рэпрэсіўнай практыкай супраць крытыкаў уладаў і палітычнага іншадумства. У адрозьненьні ад Беларусі, дзе незалежныя СМІ ўсё ж працягваюць існаваць, незалежны друк і апазыцыя ва Ўзбэкістане даведзеныя да мяжы зьнікненьня. Апагеем рэпрэсіўнай палітыкі Карымава сталі падзеі ў Андыжане ў 2005 годзе – жорсткі разгон урадавымі войскамі грамадзянскага пратэсту. Сотні людзей былі забітыя, калі ўзбэцкія сілы бясьпекі адкрылі агонь па пратэстантах. (Для параўнаньня, беларуская міліцыя выкарыстоўвала дубінкі супраць дэманстрантаў і журналістаў.)

Каб інфармацыя пра жорсткасьць палітычных рэпрэсій не распаўсюджвалася за межы краіны, узбэцкія ўлады выдалілі з краіны ўсіх замежных журналістаў, заблякавалі незалежныя навінавыя сайты і забаранілі мясцовым журналістам працаваць на замежныя мэдыі. Нічога не зьмянілася з 2005 году. Хутчэй наадварот, узбэцкія ўлады толькі ўзмацняюць ціск на крытычна настроеных журналістаў, сярод якіх і пляменьнік прэзыдэнта Джамшыд Карымаў. Яны зазнаюць запалохваньне, перасьлед і турмы. Ужо трэці год запар Узбэкістан утрымлівае сумнае лідэрства ў Эўропе і Цэнтральнай Азіі паводле колькасьці журналістаў, якія сядзяць у турме.

Хаця ЭЗ увёў эканамічныя і палітычныя санкцыі, уключаючы забарону на выдачу візаў, супраць рэжыма Карымава пасьля падзеяў у Андыжане, у 2009 года гэтыя санкцыі былі скасаваныя. Рада Эўропы канстатавала паляпшэньне стану правоў чалавека ў краіне, гэтая характарыстыка, якая ўводзіць у зман і супярэчыць незалежным паведамленьням.

І сёньня Карымава прымаюць у Эўразьвязе, які калісьці абяцаў абараняць правы чалавека ва Ўзбэкістане. Жазэ Мануэль Барозу, прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі, паведаміў, што падчас перамоваў з Карымавым ён узьняў ключавыя праблемы правоў чалавека і асноўных свабодаў, і заклікаў да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных.

Але тое, што адбываецца і гаворыцца ў Брусэлі, занадта часта там жа і застаецца. Карымаў ігнаруе патрабаваньні ЭЗ на працягу многіх гадоў.

А зараз, калі ЭЗ скасаваў санкцыі, калі пазытыўна асьвятляецца візыт Карымава ў Брусэль, зь якой прычыны рэжым будзе паляпшаць сытуацыю з правамі чалавека і свабодай слова? Доказам незацікаўленасьці Ташкенту ў гэтым зьяўляецца той факт, што ўзбэцкія дзяржаўныя мэдыі цалкам праігнаравалі заявы Барозу наконт правоў чалавека.

Без рашэньня праблемы жудаснага стану з правамі чалавека і свабодай слова ва Ўзбэкістане Эўразьвяз будзе дэманстраваць Лукашэнку, што і яму сыйдуць з рук жорсткія рэпрэсіі. І калі гэта так, то мы ў хуткім часе ўбачым Лукашэнку ў Брусэлі і іншых эўрапейскіх сталіцах.

25 студзеня 2011
Радыё Свабода

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/84/3977
Текущая дата: 23.12.2024