Белорусский портал в Казахстане

11 лістапада агучаць імя польскага амбасадара ў Мінску



Беларускі бок зацвердзіў кандыдатуру амбасадара Польшчы ў Беларусі. Найпазней да 11 лістапада зможам паведаміць імя і прозвішча новага амбасадара, паведаміў першы сакратар польскай амбасады ў Мінску Павал Марчук.

- Можа, нават да канца гэтага тыдня мы атрымаем афіцыйны адказ на наш запыт пра згоду на нашага будучага амбасадара ў Беларусі. Мабыць, будзе тут нейкая затрымка на працэдурныя пытанні, дык да 11 лістапада мы зможам паведаміць прозвішча нашага амбасадара.

Польская амбасада ў Мінску працуе без амбасадара з 10 красавіка гэтага года, калі ў Варшаву, пасля смаленскай авіякатастрофы, быў адкліканы тагачасны амбасадар Генрык Літвін — цяпер адзін з намеснікаў міністра замежных спраў Польшчы.

Па неафіцыйных звестках, польскую амбасаду ў Мінску, магчыма, ачоліць цяперашні дырэктар Дэпартамента супрацоўніцтва дзеля прагрэсу пры Міністэрстве замежных спраў Польшчы — Марэк Зюлкоўскі.

Раней дыпламат працаваў консулам у Генеральным консульстве Польшчы ў Мінску, а таксама амбасадарам Польшчы ва Украіне.

4 лістапада 2010
Радыё Рацыя

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-1/87/2593
Текущая дата: 22.12.2024