Белорусский портал в Казахстане

Польскія парлямэнтары ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Менску



Віцэ-спікер Сэйму Польшчы ўсклаў вянок ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў.

Ускладаньнем памятнага вянка ў белым і чырвоным колерах да Памятнага крыжа ахвярам сталінскіх рэпрэсій, што ў менскім парку імя Чалюскінцаў, 30 жніўня скончыўся другі дзень візыту ў Беларусь парлямэнцкай дэлегацыі Польшчы, якую ачольвае віцэ-маршалак Сэйму Рышард Тэрлецкі. Сябры дэлегацыі таксама запалілі зьнічкі памяці аб расстраляных.

Гісторык Ігар Кузьняцоў расказаў дэлегацыі пра гісторыю рэпрэсій у Менску. У прыватнасьці, ён адзначыў, што ў сталіцы Беларусі ня менш як 12 такіх жудасных месцаў. Толькі ў парку Чалюскінцаў, які раней называўся Камароўскім лесам, закапана ад 8 да 10 тысяч чалавек.

Ігар Кузьняцоў адназначна кажа, што сярод пахаваных нямала палякаў. Ён падаў такія лічбы: 57% расстраляных праходзілі па справах агентаў замежных выведак. З гэтых «агентаў» 74% кваліфікаваліся як польскія шпіёны.

30 жніўня польская дэлегацыя правяла сустрэчы ў Савеце Рэспублікі, Міністэрстве замежных спраў, прэзыдэнцкай адміністрацыі. Таксама адбыліся размовы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. Дэлегацыя наведала каталіцкага арцыбіскупа, мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча.

31 жніўня польская дэлегацыя наведае Ліду і Горадню. Кіраўнік беларуска-польскай групы па супрацоўніцтве Палаты прадстаўнікоў Андрэй Навумовіч, які будзе суправаджаць польскіх парлямэнтароў у гэтай паездцы, сказаў:

«Мы хочам паказаць, які бізнэс-клімат існуе ў нас на мяжы з Польшчай. Сустрэчы з рэгіянальным кіраўніцтвам і мясцовымі бізнэсоўцамі, я спадзяюся, дадуць добры штуршок новым супольным бізнэс-праектам».

Радыё Свабода, 30 жніўня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-3/1/40557
Текущая дата: 02.05.2024