Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Польшчу аб`ядноўвае агульная адказнасць за бяспеку ў рэгіёне



Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка на мерапрыемстве з нагоды 229-й гадавіны прыняцця Канстытуцыі Польшчы, трансляцыя якога вялася на YouTube-канале польскага пасольства ў Беларусі.

"Нашы краіны знаходзяцца ў самым цэнтры Еўропы. Польшча не толькі важны, уплывовы член Еўрапейскага саюза, але і наш сусед, адзін з буйнейшых эканамічных партнёраў Беларусі. Нас аб`ядноўваюць сумесныя гісторыя, культура і спадчына. Нас таксама аб`ядноўвае агульная адказнасць за бяспеку і стабільнасць у рэгіёне, за бяспеку і дабрабыт нашых грамадзян", - сказаў Алег Краўчанка.

Паводле слоў намесніка міністра, польская Канстытуцыя 1791 года была прагрэсіўнай і ўнікальнай для Еўропы. "Яна належыць да еўрапейскай і сусветнай спадчыны. Для Польшчы, як і для Беларусі, шлях да суверэнітэту і незалежнасці быў складаным", - адзначыў ён.

Алег Краўчанка павіншаваў польскіх сяброў са святам. Ён таксама выказаў удзячнасць Польшчы за накіраваную ў Беларусь медыцынскую дапамогу, прызначаную для барацьбы з каранавірусам.

У сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі падкрэсліў значнасць Дня Канстытуцыі для польскага народа. Ён таксама звярнуў увагу на важнасць беларуска-польскага супрацоўніцтва.

4 мая 2020, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-3/1/53279
Текущая дата: 28.04.2024