Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Францыя выпрацоўваюць сумесныя падыходы да супрацоўніцтва па розных напрамках у сферы культуры



Пра гэта паведамілі ў беларускай дыпмісіі.

Аб гэтым ішла размова ў Міністэрстве культуры Францыі на сустрэчы прадстаўнікоў Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж", замкавага комплексу "Мір" і пасольства Беларусі ў Францыі з дырэктарам дэпартамента еўрапейскіх і міжнародных спраў генеральнай дырэкцыі спадчыны Міністэрства культуры Францыі Бруно Фавелем. На сустрэчы таксама прысутнічалі з французскага боку намеснік дырэктара па пытаннях музейнай палітыкі Бруно Санье і эксперт дэпартамента еўрапейскіх і міжнародных спраў генеральнай дырэкцыі спадчыны Міністэрства культуры Францыі Франс Кемарэк.

Адбыўся абмен меркаваннямі аб эфектыўнасці ўдзелу турыстычных кампаній і музейных устаноў Беларусі ў міжнародных выстаўках турыстычнага профілю.

Па просьбе французскага боку прадстаўнікі беларускіх музеяў праінфармавалі аб арганізацыі музейнай справы ў Беларусі, аб пытаннях бюджэтнага фінансавання аб`ектаў і помнікаў культуры. Прадстаўнікі Міністэрства культуры Францыі, са свайго боку, інфармавалі беларускіх калег аб механізмах кіравання музейнай сферай.

Бруно Фавель падкрэсліў, што гэта сустрэча цікавая французскаму боку ў мэтах развіцця ўжо існуючых кантактаў на ўзроўні прадстаўнікоў кіраўніцтва міністэрстваў культуры Беларусі і Францыі і паслужыць паглыбленню прафесійных адносін на ўзроўні беларускіх і французскіх спецыялістаў і экспертаў для выпрацоўкі падыходаў адносна далейшага развіцця супрацоўніцтва і ажыццяўлення сумесных праектаў у сферы культуры.

У ходзе сустрэчы субяседнікі адзначылі, што сустрэча вельмі карысная для абодвух бакоў у святле будучай арганізацыі па ініцыятыве пасольства Беларусі ў Францыі стажыроўкі ў музеях Францыі для кіраўнікоў вядучых беларускіх музеяў, якая намечана на вясну 2014 года.

Беларускія прадстаўнікі запрасілі французскіх калег наведаць з візітам Беларусь, і ў прыватнасці Нясвіжскі і Мірскі комплексы. Прапанова была пазітыўна ўспрынята французскім бокам. Прадстаўнікі Міністэрства культуры Францыі выказалі ідэю аб арганізацыі на базе аднаго з беларускіх замкаў міжнароднага семінара па выкарыстанню аб`ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.

27 верасня 2013, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-3/12/23638
Текущая дата: 02.06.2024