Белорусский портал в Казахстане

Еўрасаюз гатовы рэагаваць адпаведным чынам як на пазітыўнае, так і на негатыўнае змяненне сітуацыі ў Беларусі



Пра гэта заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан 15 кастрычніка на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета міністраў замежных спраў краін ЕС.

"Мы гатовы падтрымаць любыя пазітыўныя змяненні, але мы таксама гатовы рэагаваць, калі ўбачым пагаршэнне сітуацыі. Выбар за Беларуссю", — сказала яна.

Эштан адзначыла, што ў час сустрэчы, што прайшла ў панядзелак, кіраўнікі МЗС абмеркавалі вынікі парламенцкіх выбараў у Беларусі. "Парламенцкія выбары сталі яшчэ адной упушчанай магчымасцю правесці выбары ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, — лічыць Эштан. — Мы таксама вельмі заклапочаны ростам выпадкаў пераследу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі і ціску на іх, як і дыпламатычным крызісам паміж Беларуссю і Швецыяй".

Гаворачы пра двухбаковыя адносіны Еўрасаюза і Беларусі, Эштан падкрэсліла, што яны залежаць ад таго, ці прадэманструе Беларусь прагрэс у сферы правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закона. "Да гэтага моманту наша палітыка (адносна Беларусі. — БелаПАН.) застаецца нязменнай, — заявіла Эштан. — У сувязі з гэтым мы працягнулі дзеянне абмежавальных мер яшчэ на год. Мы неаднаразова заяўлялі, што вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітзняволеных будуць ацэнены станоўча".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 15 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-402/16/17146
Текущая дата: 17.11.2024