Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Сасюра: Унутры Мытнага саюза не ўсё яшчэ зразумела і гладка



Ва Украіне ідзе сур`ёзная праца па аналізе нарматыўнай базы Мытнага саюза і пошуку шляхоў выкарыстання гэтага аб`яднання не ва ўрон тым кірункам і прыярытэтам супрацоўніцтва, што склаліся на папярэдніх этапах. Пра гэта заявіў 23 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі Аляксандр Сасюра.

"Мы маем сітуацыю, — адзначыў ён, — калі тры краіны спрабуюць імплементаваць сваё нарматыўнае поле і знайсці нейкія агульныя пазіцыі. Не заўсёды гэта атрымліваецца, таму што заканадаўчая база вельмі розная. Унутры Мытнага саюза не ўсё яшчэ зразумела і гладка, па якіх кірунках супрацоўніцтва ёсць адназначныя плюсы, а дзе — пэўныя мінусы".

"Пазіцыя Украіны адназначная ў тым, што яна ўжо стала членам Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Для таго каб увайсці ў Мытны саюз, ёй трэба перагледзець пагадненні з іншымі краінамі, якія яна падпісала ў межах СГА. На гэта ніхто ісці не будзе", — запэўніў дыпламат.

"Нам трэба знайсці формы супрацоўніцтва, якія былі б выгадныя як кожнай з краін — удзельніц Мытнага саюза, так і Украіне, захаваць нармальную працу з кожнай з іх", — сказаў Аляксандр Сасюра.

БелаПАН

23 жніўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-402/20/8786
Текущая дата: 17.11.2024