Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі разлічвае на паступовае паляпшэнне адносін паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі Амерыкі



Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з памочнікам дзяржаўнага сакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Ааранам Уэсам Мітчэлам.

"Ужо сам факт вашага знаходжання ў сталіцы Беларусі сведчыць пра многае. Асабіста я вельмі разлічваю, што гэта будзе сапраўды гістарычны візіт, з якога пачнецца, няхай паступовы і павольны, выхад з таго стану, у якім знаходзяцца беларуска-амерыканскія адносіны", - сказаў беларускі лідар.


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам адбыліся сур`ёзныя зрухі ў двухбаковых адносінах. "Але я іх не назваў бы кардынальнымі змяненнямі, якіх патрабуе час у гэтым рэгіёне", - сказаў кіраўнік дзяржавы.Прэзідэнт падкрэсліў прыхільнасць да суверэнітэту і незалежнасці Беларусі і адзначыў гатоўнасць краіны развіваць адносіны з партнёрамі ў розных рэгіёнах свету. 

"Мы і праводзім такую палітыку: суверэнная і незалежная Беларусь, нягледзячы на тое, Еўрасаюз гэта, Кітайская Народная Рэспубліка, Злучаныя Штаты або Расія (адносіны з гэтымі краінамі.). Мы хочам быць суверэннымі і незалежнымі, і ў гэтых адносінах мы аднолькава набліжаны да ўсіх цэнтраў сілы нашай планеты. Нават у самы складаны час нашых адносін я не пераставаў гаварыць аб тым, што мы вельмі зацікаўлены ў добрых адносінах з вашай краінай", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы хочам быць не проста адкрытымі для ўсяго свету, праводзіць адкрытую палітыку, - мы хочам быць прадказальнымі. Мы ніколі не змянялі гэтым прынцыпам. Таму да нас нармальна ставяцца многія краіны свету. Так, напэўна, і ЗША ацанілі нашу шчырасць у гэтай палітыцы, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Калі мы з вамі рушым наперад у нашых адносінах, я вам абяцаю, што беларусы ў вас будуць самымі надзейнымі, сумленнымі і шчырымі партнёрамі. 

Прынамсі, калі мы дамовімся, і ў Беларусі нешта вам паабяцаем, нават на шкоду сабе мы гэта выканаем".

Прэзідэнт таксама адзначыў досвед Аарана Уэса Мітчэла і яго веданне праблем рэгіёна. "Мы ведаем ваша стаўленне, вашай краіны да гэтых праблем. Думаю, што вы ўдзеліце больш увагі вырашэнню гэтых праблем як вядучая краіна свету. Калі мы будзем запатрабаваны ў вырашэнні самых складаных праблем у Еўропе, асабліва ва Усходняй Еўропе, мы гатовы да гэтага", - заявіў беларускі лідар.

У сваю чаргу памочнік дзяржсакратара ЗША падзякаваў за гасціннасць і падкрэсліў значэнне, якое ЗША ўдзяляюць пытанню незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. 

"Мы цудоўна разумеем глыбокія і блізкія ўзаемаадносіны вашай краіны і Расійскай Федэрацыяй, якія склаліся гістарычна. І мы цудоўна разумеем той поспех, якога вы дабіліся ў справе забеспячэння стабільнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці. У першую чаргу палітычнай стабільнасці ў Беларусі", - сказаў ён.

Ааран Уэс Мітчэл таксама запэўніў, што ЗША бачаць вялікі патэнцыял у развіцці як дыпламатычных, так і эканамічных сувязей з Беларуссю.

Беларусь і ЗША супрацоўнічаюць у галінах супадаючых інтарэсаў і па пытаннях забеспячэння глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, у тым ліку ў сферы барацьбы з міжнароднай арганізаванай злачыннасцю і міжнародным тэрарызмам, прадухілення незаконнага транзіту ядзерных і радыеактыўных матэрыялаў.ЗША падтрымліваюць працэс далучэння Беларусі да СГА. 

Паміж краінамі дзейнічаюць міжурадавыя пагадненні ў галіне эканамічнага супрацоўніцтва, садзейнічання банкаўскай дзейнасці, па пытаннях скарачэння стратэгічных узбраенняў і нераспаўсюджвання зброі масавага знішчэння і ў іншых сферах.

Беларусь у гандлі з ЗША карыстаецца рэжымам нармальных гандлёвых адносін. Асноўныя экспартныя пазіцыі ў 2017 годзе: калійныя ўгнаенні, бясшвовыя трубы і профілі з чорных металаў, рэнтгенаўская апаратура, мэбля, пруткі гарачатканыя ў бухтах з нелегіраванай сталі, дрот з нелегіраванай сталі, устройствы на вадкіх крышталях, лазеры, ільняныя тканіны, шкловалакно. Імпарт быў прадстаўлены такімі пазіцыямі, як легкавыя аўтамабілі і кузавы, медыцынскія прыборы і абсталяванне, вакцына і лекавыя сродкі, рухавікі ўнутранага згарання, рыба марожаная, электрагенератарныя ўстаноўкі.

У 2017 годзе экспарт паслуг дасягнуў самага высокага ў гісторыі беларуска-амерыканскіх адносін узроўню і склаў амаль $570 млн. У экспарце пераважаюць камп`ютарныя, тэлекамунікацыйныя і інфармацыйныя паслугі.З ЗША за 2017 год паступіла інвестыцый на суму $66,7 млн, у тым ліку $55,1 млн прамых інвестыцый.

31 кастрычніка 2018, Мінск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-402/4/45485
Текущая дата: 17.11.2024