Белорусский портал в Казахстане

Беларусь гатовая развіваць супрацоўніцтва з М`янмай па ўсіх кірунках



Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Палаты нацыянальнасцяў Саюзнага сходу М`янмы Хін Аунг М`інтам.

"Мы гатовы супрацоўнічаць з вамі па ўсіх кірунках — ад падрыхтоўкі грамадзянскіх і ваенных у сістэме адукацыі да супрацоўніцтва ў сферах сельскай гаспадаркі, мадэрнізацыі прамысловасці. Вы валодаеце вельмі вялікімі запасамі мінеральных рэсурсаў. Мы гатовыя даць вам адпаведную тэхніку як для сельскай гаспадаркі, так і для горназдабыўных прадпрыемстваў", — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Паводле слоў Лукашэнкі, фундаментам для далейшага развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і М`янмай маглі б стаць тры-пяць ключавых кірункаў, якія неабходна вызначыць на двухбаковай аснове. "І вакол гэтага будзе фарміравацца і пашырацца наша гандлёва-эканамічная база", — зазначыў беларускі лідар. 

Беларускі кіраўнік, паведамляе прэс-служба прэзідэнта, таксама запэўніў, што Беларусь "гатова зрабіць усё неабходнае, каб двухбаковае супрацоўніцтва пашыралася і прырастала новымі ідэямі і практычнымі крокамі". 

У сваю чаргу Хін Аунг М`інт пацвердзіў гатоўнасць М`янмы развіваць узаемавыгадныя адносіны з Беларуссю, у тым ліку ўлічваючы магчымасці выхаду на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза. Апрача сельскай гаспадаркі і паставак тэхнікі ёсць добрыя магчымасці для развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння ў сферах адукацыі і турызму. У М`янме таксама створаны камітэт па супрацоўніцтве з Беларуссю. 

"Спадзяемся, што ў хуткім часе мы знойдзем спосаб, як рэалізаваць патэнцыял супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Нам патрэбныя такія надзейныя партнёры, як Беларусь", — сказаў Хін Аунг М`інт.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 22 мая 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-402/8/31100
Текущая дата: 17.11.2024