Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка не спадзяецца на наладжванне адносін з Захадам пасля саміту "нармандскай чацвёркі"



Пра гэта Прэзідэнт Беларусі заявіў у інтэрв`ю вядучаму праграмы "Вести в субботу" на тэлеканале "Россия 1" Сяргею Брылёву.

Аляксандр Лукашэнка не спадзяецца на наладжванне адносін Беларусі з Захадам пасля правядзення ў Мінску пасяджэння лідараў краін "нармандскай чацвёркі" па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. 

"Я б не гаварыў, што мы неяк наладзілі адносіны з імі (з лідарамі еўрапейскіх краін. — рэд.). Не пешчу тут ніякіх надзей. Абсалютна шчыра хачу сказаць: я ўжо не ў тым узросце, калі людзі кідаюцца, робяць крутыя, рэзкія павароты і гэтак далей. Па-першае, прабачце за нясціпласць, я маю нейкі палітычны вопыт, не толькі багаж, ён таксама за плячамі ёсць. Я ўжо гэтага нагледзеўся, бачыў розныя перамовы, вёў іх", — прыводзіць словы Лукашэнкі дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА. 

"Мне ўсё гэта вядома і, каб, ведаеце, галава закружылася... Ад чаго, уласна, галава ў мяне закружылася? Ад таго, што мяне папрасілі, мне даручылі ўрэшце арганізаваць гэта мерапрыемства? — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Бог з вамі, я не перабольшваю тут ролю Беларусі і сваю ролю, як звычайна. Не перабольшваю". 

"Таму, калі вы думаеце, што гэта прычына мне кудысьці павярнуцца — выкіньце гэта з галавы. Гэтага, па-першае, ніколі не будзе. Па-другое, шчыра кажу, мяне і не запрашаюць і там не чакаюць. А па-трэцяе, мы ж з вамі рускія людзі. Пра што гаворка, мы з вамі людзі, якія нарадзіліся на адной зямлі, у нас ёсць агульная гісторыя. У нас агульныя погляды. І, напэўна, немалаважна, як бы вы там ні думалі пра нашы адносіны, з прэзідэнтам Расіі мы сябры, не толькі браты родныя, але і сябры. Вось з гэтага і зыходзьце", — адзначыў Лукашэнка. 

Бліц-інтэрв`ю праграме "Вести в субботу" кіраўнік дзяржавы даў пасля завяршэння мерапрыемстваў у межах сустрэчы на вышэйшым узроўні ў "нармандскім фармаце", якая прайшла ў Мінску 11—12 лютага. Інтэрв`ю будзе паказанае 14 лютага вечарам у эфіры тэлеканалаў "Россия 1" і "Россия 24".

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 14 лютага 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-402/9/29669
Текущая дата: 17.11.2024