Белорусский портал в Казахстане

Беларусь гатова пастаўляць у В’етнам свае тэхналогіі і дапамагаць з будаўніцтвам новых прадпрыемстваў



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом В’етнама ў Беларусі Нгуенам Ван Нгы.

«Мы будзем імкнуцца да таго, каб нашы тэхналогіі пераносіць на тэрыторыю В’етнама, ствараць там сумесныя прадпрыемствы па вытворчасці прадуктаў машынабудавання», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусь таксама гатова пашыраць пастаўкі прадуктаў харчавання, мінеральных угнаенняў, што цяпер асабліва актуальна.

Прэзідэнт расказаў, што плануецца візіт прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі ў В’етнам. «Ужо там у дэталях можна будзе абмеркаваць і вынікі мінулых гадоў супрацоўніцтва, і перспектывы далейшага супрацоўніцтва. В’етнам заўсёды быў нашым сябрам, такім і застанецца», — запэўніў беларускі лідар.

Дыпламатычныя адносіны Беларусь і В’етнам устанавілі 24 студзеня 1992 года. У гэтым годзе краіны адзначаюць іх 30-годдзе.

Беларусь і В’етнам пастаянна развіваюць палітычны дыялог. Паміж дзяржавамі наладжаны абмен візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях. Паспяхова развіваецца ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях.

У 2021 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і В’етнамам склаў больш за $200 млн. Беларусь экспартавала калійныя ўгнаенні, прадукцыю жывёлагадоўлі, вырабы прыборабудавання, лякарствы і касметыку. Закупляліся ў В’етнаме каўчук, арэхі, рыбнае філе, інтэгральныя схемы, палімеры прапілену, кансерваваныя прадукты.

У В’етнаме працуе зборачная вытворчасць грузавікоў МАЗ. Прапрацоўваюцца пастаўкі спецыяльных трактароў «Беларус» для работы на рысавых палях, кар’ернай тэхнікі БЕЛАЗ. Паміж краінамі ёсць дамоўленасці аб будаўніцтве прадпрыемства па вытворчасці малака і малочнай прадукцыі.

Звязда, 29 сакавіка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-408/1/64360
Текущая дата: 23.12.2024