Белорусский портал в Казахстане

Планамерная дыверсіфікацыя экспарту з`яўляецца адной з ключавых мэт эканамічнай палітыкі Беларусі



Аб гэтым заявіў 6 чэрвеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў.

"З улікам адкрытасці беларускай эканомікі важным фактарам устойлівага развіцця нашай краіны з`яўляецца эфектыўная эканамічная дзейнасць, якая забяспечваецца збалансаванасцю ў знешнім гандлі і ўдзелам у міжнародным падзеле працы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, сёння адной з ключавых мэт эканамічнай палітыкі Беларусі становіцца планамерная дыверсіфікацыя экспарту і раўнамернае размеркаванне гандлёвых сувязей па трох асноўных напрамках: Еўразійскім эканамічным саюзе, Еўрапейскім саюзе, а таксама партнёрах у Азіі, Афрыцы і Амерыцы.

Да 2020 года Беларусь плануе выйсці на прапарцыянальныя суадносіны па кожным з гэтых напрамкаў. Вітаючы замежных дыпламатаў, кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што такія рысы характару, як адкрытасць і гасціннасць, верацярпімасць і міралюбнасць, глыбока ўкараніліся ў менталітэце беларускага народа.

"Гэтыя якасці, якія далі магчымасць Беларусі стаць своеасаблівай апорай стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне, былі сфарміраваны няпростай гісторыяй, што пакінула глыбокія рубцы на беларускай зямлі, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Выконваючы сваю пасольскую місію, вы зможаце лепш даведацца і па заслугах ацаніць тое гераічнае і адначасова трагічнае мінулае, якое ляжыць у аснове сучаснай міралюбівай і шматвектарнай знешняй палітыкі нашай дзяржавы".

Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што дзейнасць дыпламатаў у Беларусі абернецца адчувальнымі вынікамі, дасць магчымасць знайсці дадатковыя нішы і рэсурсы для ўмацавання гандлёва-эканамічных кантактаў і рэалізацыі значных міжнародных праектаў.

"Хачу запэўніць, што з боку беларускіх дзяржаўных органаў і нашых грамадзян вам будуць аказаны ўсебаковая ўвага і садзейнічанне, а для работы будуць створаны самыя спрыяльныя ўмовы. У гэтым вы можаце не сумнявацца", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

6 чэрвеня Прэзідэнт Беларусі прыняў даверчыя граматы паслоў Аўстраліі, Ганы, Гвінеі, Зімбабвэ, Рэспублікі Карэя, Нікарагуа, Аб`яднаных Арабскіх Эміратаў, Польшчы, Славакіі, Судана, Філіпін, Эфіопіі і Японіі.

6 чэрвеня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-408/3/35777
Текущая дата: 23.12.2024