Белорусский портал в Казахстане

МЗС чарговым разам абвергла інфармацыю аб удзеле беларускіх спецыялістаў у ваенных дзеяннях у Лівіі



Беларускія спецыялісты не ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях у Лівіі. Пра гэта заявіў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных, каментуючы інфармацыю, якая з`явілася ў СМІ, аб тым, што на баку Муамара Кадафі нібыта ваявалі беларускія снайперы.

"Мы ўпэўнены, што ў дачыненні да Беларусі дапушчана памылка. Гэта не можа быць праўдай. Нам абсалютна дакладна вядома, што беларускіх грамадзян са зброяй у руках у Лівіі не было", — падкрэсліў Савіных.

6 верасня некаторыя СМІ распаўсюдзілі заяву аднаго з ваенных кіраўнікоў Нацыянальнага пераходнага савета Лівіі Абдэля Маджыда Ібрагіма аб тым, што ў баявых дзеяннях на баку Кадафі ўдзельнічалі грамадзяне іншых краін, у тым ліку беларусы. "Мы былі праінфармаваны з некаторых крыніц разведкі, што група снайпераў розных еўрапейскіх нацыянальнасцяў, у тым ліку ўкраінцы, беларусы і іншыя, былі прыведзены лівійскім рэжымам. Паводле атрыманай намі інфармацыі, група ўвайшла ў Лівію праз порт Нуфейда ў Тунісе, перш чым была перакінута ў Трыпалі", — паведаміў ён.

Звесткі пра ўдзел беларускіх спецыялістаў у ваенных дзеяннях і аб пастаўках беларускай зброі ў зоны ваенных канфліктаў, у тым ліку ў Лівію, з`яўляліся ў СМІ неаднаразова, і штораз афіцыйны Мінск абвяргаў такую інфармацыю.

Напрыклад, 2 верасня тэлеканал "Аль Джазіра" апублікаваў здымкі, зробленыя ў разбураным будынку лівійскай разведкі ў Трыпалі. На адным са здымкаў сярод папак з дакументамі бачны каталог прадукцыі беларускай кампаніі пад назвай "Мадэрнізаваны ЗПРК "Тунгуска-7", які ляжаў на падлозе. На падставе гэтага ў СМІ выказваліся меркаванні аб магчымым выкарыстанні беларускай зброі ў ваенных дзеяннях.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 6 верасня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8/112/9072
Текущая дата: 17.05.2024