Белорусский портал в Казахстане

"Хрысціянская Беларусь - справядлівая ўлада!"



Перадвыбарчая праграма кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Віталя Рымашэўскага.

Віталь Рымашэўскі — кандыдат ад Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, новай палітычнай сілы, якая ствараецца ў Беларусі.

Аргкамітэт Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі (БХД) аб`ядноўвае ўсіх тых, хто гатовы будаваць Беларусь на аснове хрысціянскіх каштоўнасцей і патрыятызму.

За аснову нашай эканомікі, палітыкі, сацыяльнага жыцця мы бярэм хрысціянскія прынцыпы. Яны ўсім даўно вядомыя — не забівай, не крадзі, не хлусі, паважай сваіх бацькоў, паважай жыццё і маёмасць іншага чалавека.

1. БЕЛАРУСІ — СУМЛЕННУЮ ПАЛІТЫКУ

Галоўнае, што людзям трэба ад улады — сумленнасць. Хлусіш, не выконваеш абяцанняў — у адстаўку. Крадзеш — у турму. Вышэйшы начальнік — значыць, большая адказнасць.

Хрысціянская дэмакратыя верне законнасць у суды, пракуратуру, міліцыю. Хрысціянская дэмакратыя разгроміць бюракратыю: інтарэсы чалавека будуць вышэй за інтарэсы чыноўнікаў.

Мы кампенсуем уклады, якія людзі страцілі з развалам Савецкага Саюза.

Адукацыя

Вернем ільготы беларускім студэнтам. Вернем бясплатную адукацыю для ўсіх.

Адменім сучаснае "прыгоннае права" ў Беларусі — прымусовае размеркаванне.

Адменім кантрактную сістэму ў адносінах да настаўнікаў. Сярэдні заробак настаўнікаў да ўзроўню сярэдняга заробку ў дзяржаўных установах.

Медыцына

Зараз з нашых падаткаў грошы ідуць на ўтрыманне бюракратычнай медыцынскай сістэмы. Пры гэтым кажуць, што медыцына ў нас бясплатная.

Мы спынім фінансаванне бюракратаў.

Грошы за лячэнне будуць пералічвацца непасрэдна дактарам, а не праз сістэму аховы здароўя, дзе на дадзены момант ільвіная доля сродкаў раскрадаецца.

Пенсіі

Нямецкія пенсіянеры атрымліваюць пенсіі, на якія могуць падарожнічаць па ўсім свеце!

А нашыя бацькі вымушаныя працаваць пасля выхаду на пенсію, каб хоць неяк дапамагчы сваім дзецям, пражыць самім.

Мы павысім пенсіі да еўрапейскага ўзроўню, дастаткова аддаць па 20% акцый вядучых прадпрыемстваў Беларусі ("Беларуськалій", нафтаперапрацоўчыя заводы) у Пенсійны фонд.

Войска

Беларускае войска будзе мабільным і прафесійным. Замест прымусовага прызыву — вайсковыя зборы ад 3 да 6 месяцаў. Вайскоўцам гарантуем службовае жытло з правам прыватызацыі, вернем ільготы і пенсію пасля 20 гадоў выслугі.

Чарнобыль


Беларускія ўлады на працягу 16 гадоў труцяць беларусаў радыяцыяй. Радыеактыўныя прадукты з забруджаных зон трапляюць у крамы ЎСІХ гарадоў Беларусі. Перавышэнне доз радыяцыі ёсць у кожнага трэцяга жыхара Мінска (у Бабруйску і Горках — двух з трох і г.д.). Людзі хварэюць і паміраюць. Улада хавае статыстыку і маўчыць.

Ліквідатарам чарнобыльскай катастрофы вернем ільготы.

Адновім эфектыўную сістэму радыяцыйнага кантролю прадуктаў харчавання па ўсёй Беларусі, у тым ліку ў горадзе Мінску.

Спынім вытворчасць прадуктаў харчавання на забруджаных тэрыторыях, спынім выкарыстанне адчуджаных забруджаных земляў.

Арганізуем вытворчасць прэпаратаў, якія блакуюць радыенукліды і паскараюць іх вывад з арганізма. Забяспечым усе медыцынскія ўстановы і аптэкі на тэрыторыі краіны гэтымі прэпаратамі.

2. ЗА БЕЛАРУСЬ БЕЗ КАРУПЦЫІ!


Адкуль узяць на рэформы грошы? Усё проста — выкараніць карупцыю. І не падманваць замежных інвестараў. Тады грошы прыйдуць у Беларусь.

Мы, беларускія хрысціянскія дэмакраты, вырашым праблему карупцыі радыкальна: паменшым колькасць чыноўнікаў у 3 разы. Менш чыноўнікаў — менш карупцыі! Мы прымем "Закон Лінкальна", які дзейнічае ў многіх развітых дэмакратычных краінах: той, хто дакажа факт карупцыі, атрымае 25% ад выяўленага.

Мы не дапусцім раскрадання агульнанароднай маёмасці: ніякай "прыхватызацыі"!

Законна набытая прыватная ўласнасць будзе недатыкальнай.

Суды

Зробім незалежнымі ад улады суды і адвакатуру. Незалежныя суды — гарантыя роўнасці перад законам для ўсіх. Кожны пацярпелы мае права на кампенсацыю з боку злачынцы нанесенай яму шкоды ў памеры, які яго задаволіць, з наступным прымірэннем бакоў і вызваленнем таго, хто пакаяўся, ад пазбаўлення волі.

Міліцыя


Праваахоўныя органы і міліцыя будуць пазбаўлены ад умяшальніцтва ў іх прафесійныя справы з боку ўлады і спецслужбаў. Ніхто не будзе замінаць працы міліцыі.

Афіцэры міліцыі, якія бароняць нас ад бандытызму, будуць бесперашкодна спаўняць свае абавязкі. А "пярэваратні ў пагонах" будуць сядзець у турме.

Турма

У Беларусі людзей садзяць у турму за дробныя парушэнні закону. А тыя, хто крадзе мільёны — на свабодзе. Турма павінна выпраўляць чалавека, а не калечыць.

3. БЕЛАРУСІ ПАТРЭБНАЕ САМАКІРАВАННЕ!


Дыктатура і карупцыя будуць разбураныя, калі ў Беларусі будзе сапраўднае мясцовае самакіраванне.

Мэры гарадоў, мястэчак і нават вёсак будуць выбірацца людзьмі, а не прызначацца. Мы правядзем выбары ўсіх узроўняў без фальсіфікацый.

Уладу — людзям, якія жывуць тут, а не раённай ці абласной мафіі!

З мэтай скарачэння дзяржаўных выдаткаў і павышэння эфектыўнасці кіравання мы, беларускія хрысціянскія дэмакраты, правядзем адміністрацыйную рэформу.

Будзе скасаваны цяперашні адміністрацыйны падзел Беларусі на 118 раёнаў, 6 абласцей і г. Мінск. Мэтазгодна ўвесці адміністрацыйны падзел на 23 рэгіёны. Тым самым будзе скарочана колькасць бюракратычных узроўняў — замест 6 абласных і 118 раённых дзяржаўна-бюракратычных будзе 23 каманды прафесіяналаў. Такім шляхам мы знізім выдаткі на ўтрыманне чыноўнікаў, якіх стане ў разы менш, і павысім якасць кіравання дзяржавай з перадачай істотных паўнамоцтваў у рэгіёны. Рэгіянальнымі цэнтрамі стануць: Брэст, Кобрын, Пінск, Жыткавічы, Мазыр, Рэчыца, Гомель, Крычаў, Бабруйск, Магілёў, Орша, Віцебск, Полацк, Глыбокае, Барысаў, Мінск, Маладзечна, Ліда, Гродна, Смаргонь, Баранавічы, Слуцк, Ваўкавыск.

1/3 ад усіх падаткаў, сабраных на месцах, павінна заставацца ў мясцовым бюджэце — адпаведна, мясцовым Радам павінна быць перададзеная значная частка ўсіх паўнамоцтваў.

4. БЕЛАРУСЬ — ГЭТА СВАБОДА

Кожнаму чалавеку і народу свабода дадзеная Богам. "Дзе Дух Гасподні — там свабода" (2 Карынф 3:17). Але свабода — не ўседазволенасць. Свабода — вольны выбар і адказнасць за яго. Хрысціянскія дэмакраты — за свабоду ад страху, хлусні і зла.

Найперш, мы забяспечым поўную свабоду веры.

Вернем цэрквам іх маёмасць, а сённяшнім уладальнікам кампенсуем страты па прымальным кошце.

У занядбаных вёсках і на гарадскіх ускраінах перададзім пустуючыя будынкі хрысціянскім арганізацыям для наладжвання хоспісаў, сталовых, нядзельных школаў і місіянерскіх цэнтраў.

Свабода СМІ ў нашым разуменні — гэта адмена палітычнай цэнзуры. Мы спросцім парадак рэгістрацыі СМІ і будзем заахвочваць стварэнне газет, сайтаў і тэлеканалаў у невялікіх гарадах, мястэчках і нават вёсках.

5. БЕЛАРУСЬ БУДЗЕ ЗАМОЖНАЙ КРАІНАЙ


Вольны, дробны і сярэдні бізнес — аснова нацыянальнай эканомікі. Заснаваць сваю справу можна будзе на працягу аднаго дня.

Пры хрысціянскіх дэмакратах беларуская эканоміка будзе справядлівай: рынкавай, але сацыяльна арыентаванай. Максімальна спросцім падаткаабкладанне: кожны беларус зможа сам, без бухгалтарскай адукацыі, лічыць свае падаткі.

Падатковая інспекцыя дзейнічае як рэпрэсіўная машына. Мы гэта спынім!

Мы спынім абкраданне беларускіх грамадзян. Адменім мыты на аўтамабілі з Еўропы!

Крэдыты ў Беларусі будуць не болей за 3%. Такія крэдыты ў Еўропе. Лукашэнка бярэ еўрапейскія крэдыты па такіх працэнтах і прадае народу па 14-17%. Вось так улада турбуецца пра беларусаў!

Асновай беларускай эканомікі павінны быць высокія даходы тых людзей, хто працуе. Большасць беларускіх прадпрыемстваў нерэнтабельныя, бо людзі не маюць кантролю за кіраўніцтвам прадпрыемства.

Беларускія хрысціянскія дэмакраты адменяць кантрактную сістэму.

Мы створым свабодныя прафсаюзы, дадзім магчымасць кантраляваць, куды ідуць заробленыя прадпрыемствам грошы.

Мы ўвядзем прыватную ўласнасць на зямлю. Сярэдні клас стане апорай моцнага грамадства, здольнага адстойваць свае правы.

Кошты на бензін

Беларусь атрымлівае нафту для ўнутранага спажывання па ўнутрырасійскіх коштах, а бензін значна даражэйшы. Мы знізім кошты на паліва для беларусаў.

Кошты на кватэры

У большасці гарадоў неапраўдана завышаныя кошты на жыллё, на коштах мінскіх кватэр нажываецца Лужкоў і іншыя алігархі. Мы спынім карупцыйныя схемы, увядзем іпатэку.

Сельская гаспадарка

Мы ўвядзем прыватную ўласнасць на зямлю: зямля павінна належаць гаспадару! Беларускія хрысціянскія дэмакраты зробяць сельскую гаспадарку сучаснай, заснаванай на найноўшых біятэхналогіях.

6. БЕЛАРУСЬ — ЕЎРАПЕЙСКАЯ КРАІНА

Мы ўсталюем узаемавыгадныя сяброўскія дачыненні з Еўропай і Расіяй. Перакосы ў палітычных і гаспадарчых стасунках будуць выпраўленыя.

Беларусь — нейтральная краіна. БХД гарантуе без`ядзерны статус Беларусі і няўдзел Беларусі ў вайсковых канфліктах за межамі краіны.

Беларусы змогуць без віз наведваць еўрапейскія краіны.

БХД збудуе ў Беларусі сапраўдную еўрапейскую эканоміку, заснаваную на навука- і працаёмістай вытворчасці, транзіце, сэрвісе, турыстычным бізнесе, інфармацыйных і экалагічных тэхналогіях.

Беларусь, якая размяшчаецца ў самым сэрцы Еўропы, бачыцца нам як высокаразвіты сэрвісны, фінансавы, тэхнічны, навуковы і інфармацыйны цэнтр сусветнага ўзроўню на ключавым геапалітычным скрыжаванні.

7. УСЯ МОЦ ДЗЯРЖАВЫ — НА ПАДТРЫМКУ СЯМ`І


Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя скіруе дзяржаўныя рэсурсы на падтрымку беларускіх сем`яў.

Мы прымем дзяржаўныя праграмы змяншэння колькасці абортаў і разводаў. Спыніць выміранне нацыі і спрыяць умацаванню сем`яў — задача для сапраўды народнай партыі, якой з`яўляецца БХД.

Дапамога па доглядзе за дзіцём будзе ў памеры сярэдняга заробку на кожнае дзіця да 5 год і паловы сярэдняга заробку на дзіця да 10 год.

БХД гарантуе крэдыты на жыллё і набыццё маёмасці маладым сем`ям. Сямейнаму бізнесу — падтрымку!

Мы ўвядзем у дзеянне комплекс мерапрыемстваў па змаганні з усеагульнай алкагалізацыяй. Паставім заслону спойванню беларусаў няякасным "чарнілам".

Вынесем гульнявыя зоны і казіно за тэрыторыі населеных пунктаў. Спынім прапаганду разбэшчанасці.

Разам мы пераможам!

Мы заклікаем вас адстаяць свабоду і справядлівасць Беларусі.

Як кажуць хрысціянскія дэмакраты: Жыве Беларусь — Жыве з Богам!

Звязда
3 лістапада 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/1/3074
Текущая дата: 24.12.2024