Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка 20—21 лiпеня наведае Украіну з афіцыйным візітам



Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Праграмай візіту запланаваныя яго перамовы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, якія пройдуць у фармаце "сам-насам" і ў пашыраным складзе.

"Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць развіццё палітычнага, гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай. Асноўная ўвага будзе надавацца бягучаму стану і перспектывам ўзаемадзеяння ў эканоміцы, у тым ліку ў такіх сферах, як гандаль, інвестыцыі, прамысловая кааперацыя, нафтахімічны комплекс, энергетыка, сельская гаспадарка, транспартна-лагістычная галіна, развіццё міжрэгіянальнага дыялогу. Плануецца таксама ўзгадніць падыходы да далейшага развіцця прыгранічнага супрацоўніцтва", — паведамляе прэс-служба.

Адной з тэм сустрэчы, адзначылі ў прэс-службе, "стане ўрэгуляванне канфлікту на ўсходзе Украіны, у чым Беларусь актыўна ўдзельнічае, падаючы перамоўную пляцоўку для бакоў працэсу".

Лукашэнка і Парашэнка абмяркуюць сітуацыю ў рэгіёне ў цэлым, абмяняюцца думкамі па міжнароднай праблематыцы.

Чакаецца, што па выніках перамоў у прысутнасці лідараў дзвюх краін будзе падпісаны шэраг дакументаў, якія тычацца супрацоўніцтва ў эканоміцы, навукова-тэхнічнай галіне, а таксама ў сферах культуры і міжнацыянальных адносін.

БелаПАН
Мінск, 19 ліпеня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/1/40078
Текущая дата: 05.05.2024