Белорусский портал в Казахстане

Велізарная фігура св. Шарбэля будзе ўсталявана ў Ліване



Велізарная фігура святога Шарбэля — аднаго з самых шанаваных мараніцкіх святых — будзе ўсталявана ў гарах ліванскай вобласці Кесруан у верасні.

20 жніўня фігура была дастаўлена з Харэт-Сахра ў паселішча Фарайя — рэгіён, дзе жывуць пераважна хрысціяне-мараніты. Падчас транспарціроўкі статуі, вышыня якой складае 27 м, шырыня — 7 м, а вага — 40 тон, быў перакрыты рух на шашы, якая вядзе ў Фарайю.

Праца над скульптурай, аўтарам якой з’яўляецца ліванец Наіф Альван, яшчэ не спынена — у помніка пакуль што няма рук.

14 верасня, у свята Узвышэння Крыжа, у Фарайі пройдзе ўрачыстая літургія і цырымонія асвячэння статуі.

Шарбэль Маклуф нарадзіўся ў Ліване 8 мая 1828 г. у сялянскай сям’і. Уступіўшы ў кляштар, стаў святаром і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў вёў вельмі суровае аскетычнае жыццё пустэльніка. Браты вельмі паважалі яго як прыклад дасканалага манаха. Ужо пры жыцці Шарбэля Маклуфа лічылі святым.

Ён памёр 24 снежня 1898 г. у кляштары, дзе пражыў усё жыццё. На месцы яго пахавання адбылося вельмі шмат цудаў, і туды пачалі прыходзіць шматлікія пілігрымы з усяго свету. Праз заступніцтва святога Шарбэля Маклуфа многія людзі атрымалі аздараўленне, аднак нельга цалкам давяраць таму, што пра яго пісалі ў апошні час некаторыя сродкі масавай інфармацыі, стварыўшы нездаровы ажыятаж вакол імя і выяваў святога.

Catholic.by, 22 жніўня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/1/40480
Текущая дата: 08.05.2024