Белорусский портал в Казахстане

Вандроўку ў мінулае арганізуе падчас бібліяночы Акадэмія навук



20 красавіка з 19.00 да 23.00 Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі (Мінск, вул.Сурганава, 15 ) запрашае акунуцца ў “Гісторыю на сон будучы”, якая адбудзецца ў рамках “Мінскай бібліяночы-2018".

У гэты дзіўны вечар навукоўцы НАН Беларусі і Белдзяржуніверсітэта раскажуць, як выглядаў сапраўдны беларус у глыбокай старажытнасці, пакажуць цікавыя знаходкі, атрыманыя ў выніку археалагічных раскопак, пазнаёмяць з пасланнямі з далёкага мінулага - своеасаблівымі старажытнымі графіці. У гасцей будзе магчымасць віртуальнага шпацыру па Мінску векавой даўнасці, яны змогуць даведацца аб старадаўніх замках і крэпасцях на тэрыторі Беларусі, а таксама ўбачыць экспанаты Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН.

Праграма ўключае навукова-папулярныя лекцыі, воркшопы, захапляльны кулінарны батл, гістарычнае падарожжа для дзяцей “Наперад, у мінулае: у пошуках нязведанага”,  сапраўдны шляхетны баль ад творчага калектыву “Майстэрня ўражанняў” і фальклорнага ансамбля "Тутэйшая шляхта”, яркае выступленне вулічнага тэатра “VIR”. А “Студыя залатога рэжысёра” прадставіць “жывыя скульптуры”.

Мерапрыемства пройдзе ў асяроддзі кніг і інтэрактыўных кніжных выставак.

Партнёрамі бібіліяночы выступаюць Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і гістарычны факультэт БДУ.

Надзея Нікалаева
Звязда, 14 красавіка 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/1/43140
Текущая дата: 17.04.2024