Белорусский портал в Казахстане

Два лесанасенныя комплексы плануецца ўвесці ў Беларусі ў 2019 годзе



Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Мікалай Юрэвіч.

 Два лесанасенныя комплексы па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай, якія будуюцца па праекце "Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь" за кошт сродкаў пазыкі Сусветнага банка, плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе.

"Па праекце на сродкі пазыкі Сусветнага банка ўжо адкрыліся два лесанасенныя комплексы - у Брэсцкай і Віцебскай абласцях. У бягучым годзе плануем увесці яшчэ два: вясной - пры Рэспубліканскім лясным селекцыйна-насенняводчым цэнтры ў Мінскай вобласці, да канца года - у Магілёўскай вобласці", - сказаў Мікалай Юрэвіч.

Паміж урадам Беларусі ў асобе Міністэрства лясной гаспадаркі і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця ў красавіку 2015 года было падпісана пагадненне аб пазыцы па праекце "Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь".

МБРР прадаставіў пазыку на суму $40,714 млн. Гэтыя сродкі былі ўкладзены ў будаўніцтва сучасных лесанасенных цэнтраў па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай, закупку неабходнай тэхнікі і абсталявання.

Вясной 2018 года Савет выканаўчых дырэктараў Сусветнага банка, вывучыўшы ход рэалізацыі праекта, прыняў рашэнне аб выдзяленні дадатковай пазыкі ў памеры 12 млн еўра. У рэалізацыі праекта "Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь" удзельнічаюць больш за 90 лесагаспадарчых устаноў краіны.

Першы лесанасенны комплекс па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай быў адкрыты ў красавіку 2018 года на базе Івацэвіцкага лясгаса Брэсцкай вобласці, другі - у канцы кастрычніка 2018 года ў Глыбоцкім доследным лясгасе Віцебскай вобласці.

18 студзеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/1/46616
Текущая дата: 28.04.2024