Белорусский портал в Казахстане

Канцэпцыю "разумнага горада" ў 2020 годзе плануюць укараніць у 10 гарадах Беларусі



Аб гэтым паведаміла на форуме "Разумныя ўстойлівыя гарады: ад канцэпцыі да рэалізацыі" намеснік начальніка ўпраўлення рэалізацыі дзяржаўных ІКТ-праектаў і закупак Мінсувязі Алена Шор.

"Урад паставіў задачу кропкава пачынаць лічбавізацыю, паколькі планава па ўсёй краіне адразу зрабіць немагчыма. Пачалі з пілотнага праекта (па ўкараненні канцэпцыі "разумнага горада".) у Оршы ў 2019 годзе, зрабілі адаптацыю тыпавой канцэпцыі. У гэтым годзе плануецца яе ўкараніць яшчэ ў 10 гарадах: Баранавічах, Пінску, Наваполацку, Полацку, Мазыры, Лідзе, Барысаве, Салігорску, Маладзечне і Бабруйску. Таксама ў 2020-2021 гадах маюць намер укараніць канцэпцыю ў Мінску", - сказала Алена Шор.

Паводле яе слоў, лічбавізацыя прадугледжваецца як праект рэспубліканскага маштабу. "Мы бачым нейкі праект, які развіваецца ад пілотнага і маштабуецца на ўсю краіну", - адзначыла Алена Шор, удакладніўшы, што рэалізоўваць задуманае будуць зыходзячы з магчымасцей фінансавання.

Форум "Разумныя ўстойлівыя гарады: ад канцэпцыі да рэалізацыі" праходзіць 3-5 сакавіка ў Мінску. Арганізатарамі выступаюць Міжнародны саюз электрасувязі, ААТ "Дзіпрасувязь" пры падтрымцы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі.

3 сакавіка 2020, Мінск
Юлія Неманкова - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/1/51924
Текущая дата: 06.11.2024