Белорусский портал в Казахстане

Сем мірных гадоў і новае грамадзянства, малодшы сын з новалукомскай прапіскай, шматлікія сябры і пазітыўны погляд у будучыню



Такім апісалі жыццё на гасціннай беларускай зямлі ўкраінцы, якія атрымалі нядаўна грамадзянства Беларусі - сям`я Усцінавых з горада Горлаўка Данецкай вобласці.

Пусцілі карані ў Новалукомлі: сем гадоў мірнага жыцця ўкраінскай сям`і, якая стала беларускай

Бегчы ад ваенных дзеянняў у Данецкай вобласці Аляксей і Аксана Усцінавы вырашылі адразу, як толькі на іх малой радзіме пачаліся беспарадкі, яшчэ ў 2014 годзе. Узяўшы сына Дзянісія і дачку Васілісу, спачатку адправіліся да радні ў Харкаў. Затым даведаліся, што сітуацыя ў роднай Горлаўцы зусім не мяняецца, а нават наадварот. Да таго часу сваякі з Новалукомля, звязаўшыся з Усцінавымі, прапанавалі пажыць у ціхім чашніцкім краі. У мужа і жонкі на той момант з сабой было толькі два чамаданы з летнім адзеннем. Яны адправіліся ў Беларусь усяго на два тыдні, максімум - месяц, каб перачакаць навалу.

Далёкія сваякі далі прытулак, дапамаглі з прапіскай. Галава ўкраінскай сям`і і яго жонка знайшлі работу, дзяцей уладкавалі ў дзіцячы сад і школу. Пазнаёміўшыся з новалукамчанамі, Усцінавы зразумелі, што мясцовы народ амаль не адрозніваецца ад іх знаёмых з Горлаўкі: такія ж адкрытыя, светлыя. Ды і Аляксея з Аксанай усе ў горадзе энергетыкаў называлі не менш, чым яснае сонейка - настолькі ўсмешлівымі, прыветлівымі і гаваркімі яны былі і застаюцца, нягледзячы на ўсе перанесеныя цяжкасці. Гэтак жа і іх дзеткі хутка сышліся з равеснікамі, займелі сяброў, адчуваюць сябе на беларускай зямлі як дома.

Амаль тры гады таму ў сям`і сустрэлі папаўненне - сына Мацвея, з якім мама цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным. Аляксей Усцінаў расказаў, што ім усім давялося і ў інтэрнаце пажыць, і на здымных кватэрах, а цяпер ім як шматдзетным прадаставілі на ўмовах ільготнага крэдытавання новую двухпакаёвую кватэру. Атрымаць беларускае грамадзянства жыхары Горлаўкі захацелі адразу, але ім давялося пачакаць неабходны па заканадаўстве тэрмін. І вось праз сем гадоў, якія прайшлі ў мірнай працы і клопатах пра блізкіх, сям`я атрымала беларускія пашпарты.

"У нас на малой радзіме засталіся бацькі. Мой бацька, дарэчы, лічыцца па нацыянальнасці беларусам: дзед і бабуля былі родам з вашай краіны, пераехалі ў савецкія гады ў край шахцёраў, каб працаваць на карысць дзяржавы. Там і аселі, займелі сем`і. Цяпер, можна сказаць, адбываецца некаторы кругаварот: ужо мы пераехалі ў Беларусь, каб тут жыць і працаваць. Спадзяёмся, што аднойчы зможам забраць сюды і бацькоў, таму што на радзіме сітуацыя не паляпшаецца, там эканамічны застой і перспектыў для людзей няма", - падзяліўся Аляксей Усцінаў.

Украінцы, якія сталі паўнапраўнымі грамадзянамі Беларусі, лічаць, што вайна ў свой час паказала, хто са сваякоў быў гатовы дапамагчы ў бядзе і дзе жывецца спакойна, мірна. У Новалукомлі Усцінавы ўпэўнены ў заўтрашнім дні. Галава сям`і працуе ў будаўнічай брыгадзе аграпрамысловага комплексу. Яго жонцы пасля водпуску па доглядзе за дзіцем таксама будзе дзе працаваць. Дзеці дагледжаны, старэйшыя ўжо і забылі, што такое стрэлы на вуліцах, і не ведаюць, чаго можна баяцца ў гарадку, дзе ўсё знаходзіцца ў крокавай даступнасці - і школа, і дзіцячы сад, і забаўляльны цэнтр.

"Тут, у Беларусі, мы дакладна ведаем, што любая наша праблема можа быць вырашана, добрыя людзі і спецыялісты нам неаднаразова дапамагалі, у тым ліку з міграцыйнай службы. У нас стабільнае жыццё, мы смела глядзім у будучыню - чаго яшчэ жадаць?" - задае рытарычнае пытанне шматдзетны бацька і ўжо афіцыйна беларус.

14 студзеня 2022, Віцебск
Алеся Пушнякова - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/1/62820
Текущая дата: 18.04.2024