Белорусский портал в Казахстане

У НАН пройдуць урачыстасці, прысвечаныя 100-годдзю беларускай акадэмічнай навукі



28 студзеня адбудзецца рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню беларускай навукі. Сёлета гэта трайное свята.

100 гадоў таму, у студзені 1922 года, быў заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт) — першая дзяржаўная навуковая ўстанова Беларусі ў найноўшай яе гісторыі, на базе якой была заснавана Беларуская акадэмія навук. Менавіта Інбелкульт адкрыў беларусам і ўсяму свету народ з ягонай мовай, гісторыяй, эканомікай, краіну з яе ўнікальнай прыродай і самабытнай культурай. Таму ў Дзень беларускай навукі сёлета мы святкуем адначасова 100-годдзе беларускай акадэмічнай навукі і юбілей Інбелкульта.

У мерапрыемстве прымуць удзел больш за 300 прадстаўнікоў акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, маладыя навукоўцы, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, вышэйшых навучальных устаноў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. Лепшым вучоным і даследчыкам краіны будуць уручаны ўзнагароды. Ад НАН Беларусі будуць узнагароджаны лаўрэат звання «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — 2021», генеральны дырэктар Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання парашковай металургіі, доктар тэхнічных навук, прафесар, акадэмік Аляксандр Ільюшчанка, а таксама аўтарскія калектывы, работы якіх увайшлі ў ТОП-10 дасягненняў акадэмічных навукоўцаў у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў за 2021 год.

28 студзеня з 10.00 на трох пляцоўках будзе разгорнута выстаўка дасягненняў у навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Свае вынікі пэзентуюць арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, міністэрствы адукацыі, прамысловасці, аховы здароўя, сельскай гаспадаркі, па надзвычайных сітуацыях, Дзяржкамваенпрама, інавацыйныя прадпрыемствы і тэхнапаркі.

Надзея Нікалаева
Звязда, 20 студзеня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/1/62985
Текущая дата: 29.03.2024