Белорусский портал в Казахстане

Жыхар Магілёва памёр ад атручэння метанолам



У крыві памерлага магілёўца судмедэксперты выявілі канцэнтрацыю метылавага спірту, якая ў шэсць разоў перавышае смяротную. Больш падрабязна аб правядзенні экспертыз расказала афіцыйная прадстаўніца упраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская.

Па выніках судова-медыцынскіх экспертыз, праведзеных ва ўпраўленні ДКСЭ па Магілёўскай вобласці, устаноўлена наяўнасць у крыві памерлага мужчыны метанолу ў канцэнтрацыі больш за 6 праміле, тады як смяротнай лічыцца канцэнтрацыя 0,9 праміле. Эксперты-хімікі даследавалі вадкасць з бутэлькі — у ёй таксама знойдзены метанол.

У Магілёўскай вобласці гэта ўжо другі сёлета выпадак смяротнага атручэння метылавым спіртам. У лютым у Магілёве па месцы свайго жыхарства з гэтай жа прычыны памёр 40-гадовы мужчына. Вядома, што ён злоўжываў спіртным.

Дзяржаўныя медыцынскія судовыя эксперты нагадваюць, што метылавы спірт, хоць і падобны да этылавага па смаку і паху і таксама выклікае ап’яненне, вельмі небяспечны для чалавека. У невялікіх дозах ён выклікае страту зроку і паражэнне нервовай сістэмы, часам прыводзяць да інваліднасці. Пры ўжыванні значнай колькасці метанолу (небяспечнай лічыцца доза ад 50 мл) узнікае вострае атручэнне, якое прыводзіць да смерці.

Звязда, 28 сакавіка 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/129/73449
Текущая дата: 27.11.2024